Саракавіны Нямцова адзначылі ў Маскве


На саракавы дзень пасля забойства расейскага Барыса Нямцова, на Вялікім Маскварэцкім мосце, дзе і застрэлілі палітыка прайшла акцыя памяці. Некалькі соцень чалавек усклалі кветкі на месцы ягонай смерці. Тым часам суд паўторна арыштаваў аднаго з падазраваных у забойстве НямцоваХамзата Бахаева і Тамерлана Эксерханава.

Замест маўклівай акцыі памяці – хвіліна «немаўчання» у знак нязломнай грамадскай і палітычнай пазіцыі Барыса Нямцова. Перад смерцю палітык збіраўся апублікаваць даклад аб удзеле расейскіх войскаў у вайне ва Украіне. Цяпер ягоныя паплечнікі збіраюцца давесці справу да канца.

ІЛЛЯ ЯШЫН, ПАРТЫЯ «РПР-ПАРНАС»:

«Ведаеце, я паняцця не маю – зменіць штосьці наш даклад, ці не. Але я разумею – рабі, тое, што павінен і няхай будзе, што будзе. Я разумею, што першы крок да зменаў у нашай краіне – гэта распавесці людзям праўду. Пра тое, што на Данбасе гінуць расейскія жаўнеры, пра тое, што Пуцін развязаў крывавую бойню. Пра тое, што гэта вайна, якую неабходна спыніць»

Тым часам следства, улічваючы рэгулярныя прызнанні і адмовы ад уласных словаў падазраваных, за гэтыя сорак дзён не на шмат прасунуліся ў пошуках замоўцаў і выканаўцаў забойства палітыка. Тыя, хто сабраўся на Маскварэцкім мосце не сумняюцца, хто мае адказы на іхныя пытанні.

УЛАДЗІМІР РЫЖКОЎ, ГРАМАДСКІ РУХ «ВЫБАР РАСЕІ»:

«Я асабіста – упэўнены, што прэзідэнт Пуцін ведае ўсю карціну злачынства. І тых, хто страляў і тых, хто падвозіў іх і тых, хто падслухоўваў і сачыў і самае галоўнае – тых, хто аддаў загад і заплаціў грошы за гэтае забойства. Таму, у нас складваецца ўражанне, што следства наўмысна зацягваецца, што ідзе спроба аддзяліць выканаўцаў ад замоўцаў»

Цяпер следства працуе над дзвюма галоўнымі версіямі – уласна забойства на замову і матыў рэлігійнай помсты. Нібыта выказванні Барыса Нямцова абразілі мусульманаў. Пры гэтым, ніхто з пяці падазраваных не быў заўважаны ў сувязях з радыкальнымі ісламскімі групоўкамі. Паводле былога следчага і праваабаронцы Алега Волчака, актыўнасць праваахоўнікаў у гэтай справе відавочна недастатковая.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ЦЭНТР «ПРАВАВАЯ ДАПАМОГА НАСЕЛЬНІЦТВУ»:

«Адвакаты заявілі пра алібі чатырох затрыманых – нібыта яны ўвогуле ў іншых месцах знаходзіліся. І не бачна нейкае актыўнасці, я б сказаў – у такім гучным працэсе. Каб выйсці за гэты час на арганізатараў і замоўцаў у гэтым працэсе»

Нягледзячы на тое, што забойства адбылося ў некалькіх сотнях метрах ад Крамля, суд нават ня можа вырашыць арыштоўваць падазраваных, ці не. Тыдзень таму Маскоўскі гарадскі суд прызнаў арышт траіх падазраваных незаконным. Аднак замест вызвалення, Басманны суд Масквы адмяніў пастанову вышэйшай інстанцыі і пакінуў Эскерханава, Бахаева і Губашева пад вартаю. Падазраваныя неаднаразова заяўлялі пра ціск з боку следства і катаванні.

Стужка навінаў