Самаабвешчаная дзяржава на мяжы Сербіі і Харватыі хоча стать падатковым раем


Грамадзянства Свабоднай Рэспублікі Ліберлэнд папрасілі 300 тысячаў чалавек, сярод якіх 80 мільянераў, кажа прэзідэнт самаабвешчанай дзяржавы.

Нягледзячы на тое, што незалежнасць Свабоднай Рэспублікі Ліберлэнд не прызнала ніводная дзяржава ў свеце, 1 траўня самаабвешчаная дзяржава адсвятквала «Дзень Волі». Сто першых гасцей урачыстасцяў атрымалі ганаровае грамадзянства. Увогуле сваё жаданне стаць грамадзянамі самаабвешчанай рэспублікі выказалі 300 тысячаў чалавек, сярод якіх 80 мільянераў, кажа 31-гадовы прэзідэнт Ліберлэнду Віт Едлічка. Сам ён з’яўляецца чэшскім палітыкам, які апісвае сябе як лібертарыянец.

«Цягам пяці гадоў спрабаваў змяніць нешта ў палітыцы, але падаткі ўвесь час раслі, а законы ўсё болей перашкаджалі жыць людзям. Мае палітычныя апаненты заўжды мне казалі, што я павінен стварыць уласную дзяржаву, каб паказаць, што мой лібералізм будзе працаваць. Я так і зрабіў», – заўважае Віт Едлічка.

Нічыя зямля

Едлічка разам з двума суайчыннікамі заснаваў Ліберлэнд 13 красавіка ў лесе ў раёне Дунаю, між Харватыя і Сербіяй. Заснавальнікі тлумачаць: месца, дзе знаходзіцца новая дзяржава, ніхто за сабой не задэклараваў. А значыць гэта нічыя зямля.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Ліберлэнд мае ўласнае заканадаўства, канстытуцыю, сцяг і дэвіз: «Жыві і дазволь жыць». На афіцыйнай інтэрнэт-старонцы напісана, што рэспубліка мае быць канстытуцыйнай з элементамі непаспрэднай дэмакратыі.

У пачатку кошты развіцця і ўтрымання дзяржавы лягуць на грамадзянаў, адзначае Едлічка. З іх кішэняў ужо атрымана 15 тысячаў долараў на фінансаванне і размяшчэнне 20 валанцёраў, якія забяспечваюць працу офіса прэзідэнта.

Сербія і Харватыя новага суседа не ўспрымаюць усур’ёз

Ні Сербія, ні Харватыя не прызналі суверэнітэту Ліберлэнду, хаця атрымалі адпаведную просьбу. У заяве, дасланай сербскім МЗС выданню CNBC, Едлічка называецца «правым палітыкам», а таксама адзначаецца, што Ліберлэнд – за межамі Сербіі. Увогуле міністэрства замежных справаў лічыць тэму не сур’ёзнай і не вартай каментара.

У сваю чаргу харвацкае МЗС называе абвяшчэнне Либерлэнду «вірутальным жартам».

Не першыя ў рэгіёне

У 1991-м годзе нефармальная група «Новае славенскае мастацтва» («Neue Slowenische Kunst» альбо NSK) ператварылася ў віртуальную дзяржаву. Распрацавала ўласны пашпарт, электронную амбасаду ў інтэрнэце, перыядычна адчыняе свае офісы падчас візітаў у іншыя гарады. NSK не мае тэрыторый і межаў, якія адмаўляе як неабходны атрыбут дзяржаўнасці. Грамадзянства даступнае для ўсіх людзей.

НМ, belsat.eu, паводле CNBC

Стужка навінаў