Салігорская паліклініка пра паведамленне аб чалавеку, інфікаваным каронавірусам: гэта былі вучэнні


У суполцы «Салігорскія аўтааматары» сацыяльнай сеткі «УКантакце» людзі паведамілі, што ў паліклініку № 2 Салігорску паступіў пацыент, які вярнуўся з Кітаю з тэмпературай ды іншымі сімптомамі хваробы. У выніку паліклініку зачынілі, у наведнікаў перапісалі пашпартныя звесткі.

Загадчыцы паліклінікі № 2 у Салігорску з другой паловы дня на працоўным месцы не было. У прыёмнай сакратарка распавяла, што яна знаходзіцца на нарадзе і да канца дня яе не будзе.

У рэгістратуры паліклінікі «Белсату» распавялі, што ніякай панікі няма і інфармацыя пра інфікаванага на каронавірус не адпавядае рэчаіснасці.

«На самой справе ў нас былі вучэнні. Сутнасць у тым, што персанал рыхтаваўся да надзвычайнай сітуацыі», – распавялі «Белсату» ў Салігорскай паліклініцы.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала эпідэмію коранавірусу ў Кітаі надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага маштабу. У класіфікацыі СААЗ такімі сітуацыямі лічацца «экстраардынарныя падзеі, якія будуць уяўляць рызыку ў галіне аховы здароўя іншым дзяржавам» і «патэнцыйна патрабуюць скаардынаваных дзеянняў міжнароднай супольнасці».

СК belsat.eu

Стужка навінаў