Круглы стол у Палаце прадстаўнікоў: беларуская мова павінна быць паўсюль і ведаць яе павінны ўсе


5 красавіка 2018 г. Круглы стол «Заканадаўства на беларускай мове: праблемы і практычнае вырашэнне на аснове Канстытуцыі»

Экс-старшыня Канстытуцыйнага суда і былы пракурор Рыгор Васілевіч выступіў з ініцыятывай праводзіць сесіі Палаты прадстаўнікоў па чарзе па-беларуску і па-руску. Такую прапанову ён агучыў 5 красавіка падчас круглага стала ў парламенце, піша nn.by.

«Калі трэба і наспеў час прымаць законы на рускай і беларускай мове – дык калі ласка, няма ніякіх… [перашкод – падказалі з залы. – Заўв. nn.by]. Рыхтуйце праекты законаў на рускай і беларускай мовах. Я не думаю, што варта кідацца з боку ў бок: прымалі па-руску, а цяпер вось па-беларуску, давайце і так, і так. Тут пытанне ў менталітэце і таксама ў выдатках, якія ўзнікнуць у сувязі з падрыхтоўкай законаў на дзвюх мовах», – заявіў Васілевіч.

Калі [чалавек] атрымлівае грамадзянства, то трэба, каб было актыўнае разуменне абедзвюх моваў», – дадаў Рыгор Васілевіч.

Падчас круглага стала загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ Рыгор Васілевіч таксама прапанаваў увесці для дзяржслубоўцаў экзамен на веданне беларускай мовы, паведамляе euroradio.fm.

Удзельнік круглага стала, ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў прапанаваў, каб суддзі вывучылі беларускую мову, а першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец заклікаў прымаць законы на дзвюх дзяржаўных мовах.

У круглым стале ўзялі ўдзел да 50 чалавек – дэпутаты, прадстаўнікі міністэрства юстыцыі, навукоўцы.

Ініцыятарам правядзення круглага стала была дэпутат парламента, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. Напярэдадні правядзення круглага стала Анісім напісала ў сваім «Facebook’у», што не мае «вялікіх спадзеваў на вынік».

ЮВ, belsat.eu, паводле nn.by, euroradio.fm

Глядзі таксама
Каментары