Рэжысёры здымаюць чарговы фільм з «Лістапада» праз цэнзуру Міністэрства культуры


Кірыл Галіцкі і Святлана Казлоўская заявілі, што іхны фільм «Пляж / Лес / Тамбур» не будзе браць удзелу ў нацыянальным конкурсе кінафестывалю ў намінацыі «гульнявое кіно».

Яны далучыліся да рэжысёркі Евы-Кацярыны Махавай і прадзюсара Дзяніса Пуцікава, якія 23 кастрычніка знялі з конкурсу дакументальны фільм «Перазімаваць».

Творцы не згодныя з тым, што сёлета фільмы на Нацыянальны конкурс адбіралі чыноўнікі на чале з намесніцай міністра культуры Ірынай Дрыгай, а не супрацоўнікі кінапракату, кіназнаўцы і кінакрытыкі.

«Гэта выбар стваральнікаў фільма, іх права выказваць сваю пазіцыю да Міністэрства культуры. У гэтым пытанні мы не можам ім сказаць «не». Да Нацыянальнага конкурсу датычнае не толькі Міністэрства культуры. Усё, што адабрана ў Нацыянальны конкурс, адабрана ў тым ліку і камандай фестывалю. Вядома, мы зацікаўленыя ў тым, каб гэтая праграма заставалася максімальна ў першапачатковым выглядзе», – распавяла belsat.eu прэс-сакратарка фестывалю Ірэна Кацяловіч.

Дзеянні Мінкульта ставяць пад пагрозу рэпутацыю фестывалю і могуць каштаваць «Лістападу» міжнароднага статусу. Пра гэта гаворыцца ў лісце гільдыі беларускіх прадзюсараў і кінавытворцаў.

Гільдыя нагадвае, што ў свеце больш чым 2000 кінафорумаў, і толькі 52 з іх маюць акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў, у тым ліку і «Лістапад».

Летась у конкурснай праграме кінафестывалю брала ўдзел чатыры фільма «Белсату».

Фільм Іллі Бажко, зняты пры падтрыманні «Белсату», атрымаў дыплом у нацыянальным конкурсе дакументальных фільмаў 24-а міжнароднага фестывалю «Лістапад».

У 2015 годзе лепшай дакументальнай стужкай фестывалю прызналі фільм «Госці» Андрэя Куцілы, які здымаўся спецыяльна для «Белсату».

25-ы Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 2 па 9 лістапада.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў