Рэпарцёры загінулі, бо хацелі паказаць праўду пра новую, афрыканскую авантуру Крамля


Архан Джэмаль, Аляксандр Растаргуеў і Кірыл Радчанка загінулі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы (ЦАР). Тым часам Расея адкрывае новы, афрыканскі фронт супрацьстаяння з Захадам ціха і рукамі наймітаў.

Учора стала вядома пра трагічную смерць тройкі расейскіх рэпарцёраў у ЦАР. Вайсковы рэпарцёр Архан Джэмаль, рэжысёр-дакументаліст Аляксандр Растаргуеў і аператар Кірыл Радчанка паехалі рабіць дакументальны фільм пра найбольш таямнічую расейскую вайсковую авантуру. Пра таемна высланых інструктараў і пра новы, афрыканскі фронт, які адчыняе Масква. Рэалізоўвалі праект для Цэнтру ўпраўлення расследаваннямі. Гэта новая ініцыятыва, фінансаваная Міхаілам Хадаркоўскім, мэта якой – асвятленне схаваных брудных інтарэсаў расейскіх уладаў.

Ехалі са сталіцы, Бангі, у горад на поўдні краіны Сібю, каб сустрэцца з мясцовым фіксерам. Да гэтага яны не змаглі трапіць у лагер наймітаў, які знаходзіцца недалёка ад сталіцы. Іх ужо заўважылі і кантралявалі ўрадавыя жаўнеры. Вайскоўцам нават давалі хабар, каб тыя не перашкаджалі працаваць. Загінулі ў дарозе, абстраляныя на адным з пастоў у саванне. Пакуль невядома, хто страляў.

Смерць рэпарцёраў

Архан Джэмаль быў амаль на ўсіх войнах, якія вяла Расея. І не толькі. Сем гадоў таму ў Лівіі атрымаў цяжкае раненне. Падчас расейска-грузінскай вайны ў Паўднёвую Асетыю паехаў на адным з першых БТР-аў чачэнскага батальёну «Усход«. Шмат хто пасля негатыўна каментаваў ягоную кнігу пра тую вайну. Ён пісаў, што Расея не мела падрыхтаванага плану наступу. А пазней раззлаваў іншых і выклікаў прэсінг крамлёўскай прапаганды за апісванне вайны ва Украіне і крытыку расейскіх уладаў. Быў адным з найлепшых журналістаў па сітуацыі на Каўказе. Паходзіў з азербайджанскай сям’і, а ягоны бацька, Гейдар, быў кіраўніком Ісламскага камітэту Расеі.

«Калі шукаць архетыповага, кіношнага персанажу вайсковага рэпарцёра, то Архан Джэмаль быў такім. Гэта вялізная страта для расейскай журналістыкі«, – узгадвае Аляксандр Баўнаў, сябар забітага журналіста, разам з якім працаваў на тэлебачанні «Дождь», на партале «Слон» і ў расейскім выданні «Newsweek».

Аляксандр Растаргуеў рабіў свае выдатныя дакументальныя фільмы пра расейскую правінцыйную рэчаіснасць. Часцей за ўсё паказваў свой родны Растоў. Змрочныя блокі і сумную моладзь без перспектываў. У 2012-м прэзентаваў фільм «Я тебя не люблю». Адзін з герояў фільму пра растоўскую моладзь кажа: «Альбо іду ў войска, альбо пакутую тут за некалькі тысячаў рублёў». Растаргуеву было цікава, што падштурхоўвае маладых расейцаў да экстрэмальных паводзінаў. Жывучы ў Растове, меў вайну пад бокам. Тую, на Данбасе. Пратэставаў супраць расейскага ўмяшальніцтва. З такой жа жарсцю, як і супраць выбараў, якія фальсіфікуюцца Крамлём.

Байцы адной з партызанскіх груповак ЦАР

У Афрыку яго зацягнула цікавасць да тэмы расейскіх наймітаў. Пэўна, і далей хацеў разбірацца, што штурхае расейцаў да крайнасці, да не сваёй вайны. Ці толькі загад уладаў і грошы? Пра гэта і меўся быць фільм. Зняты выдатным аператарам Кірылам Радчанкам, што меў досвед на войнах (сярод іншых – у Сірыі). У камандзе з найлепшым вайсковым журналістам Арханам Джэмалем, зрэжысіраваны выбітным знаўцам душаў простых, маладых хлопцаў з расейскай правінцыі. Не ўдалося. Нехта выпадкова, альбо адмыслова перакрэсліў планы тройкі рэпарцёраў. Найміты Расеі ў Афрыцы далей застаюцца таямніцай.

Расейцы ў Афрыцы

Пра зацікаўленасць Масквы Афрыкай казалі даўно. Першай канкрэтнай інфармацыяй была заява расейскага МЗС 22 сакавіка. Была ў ёй гаворка пра адпраўку ў ЦАР партыі стралковай зброі, амуніцыі і вайсковых, а таксама грамадзянскіх інструктараў.

Можна дапускаць, што гэтыя самыя «грамадзянскія» інструктары – гэта акурат найміты з «Групы Вагнэра». Як правіла, гэта былі жаўнеры, пераважна спецыяльнага прызначэння. Ужо ваявалі на ўкраінскім Данбасе і ў Сірыі. Фармальна не звязаныя з расейскімі ўладамі. Кіруе імі падпалкоўнік Дзмітрый Уткін, якога праз любоў да музыкі нямецкага кампазітара завуць «Вагнэр. А фінансуе іх сярод іншых пецярбургскі рэстаратар Яўгеній Прыгожын. Па факце ж найміты рэалізуюць інтарэсы Масквы там, куды афіцыйна нельга выслаць войска.

Ужо праз два дні пасля заявы міністра Сяргея Лаўрова агенцтва «France Press» паведаміла пра групу расейскіх інструктараў у 60 кіламетрах ад Бангі, сталіцы ЦАР. Яны меліся стварыць базу ў даўнім палацы дыктатара, імператара Баказы. Лагер быў зафіксаваны са спутнікаў.

У сваю чаргу штотыднёвік «Jeune Afrique» пісаў, што ў адпаведнасці з заявай на дазвол пастаўкі зброі, які Расея падала ў ААН, расейцы выслалі ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку 900 пісталетаў Макарава, 5200 аўтаматаў (верагодна, АКМ), 840 РКМ-аў, 140 снайперскіх карабінаў, 270 гранатамётаў і 20 ручных зенітных комплексаў.

РАсейскія інструктара ў ЦАР.
Фота: citeam.org

Пазней у інтэрнэце (на афіцыйным профілі прэзідэнта ЦАР Фастэна-Аршанжа Туадэры) з’явіліся фатаграфіі, магчыма, расейскіх інструктараў. І, напрыклад, грузавікі Урал-4320 самай апошняй мадыфікацыі. Гэты грузавік раней назіраўся на борце турэцкага судна ў Тунісе. Судна абслугоўвала рэйсы з расейскіх партоў у Чорным моры да Сірыі. Інтэрнэт-расследвальнікі таксама зарэгістравалі палёты расейскіх транспартных ИЛаў з Маздоку ў сірыйскую Латакію, а затым у Хартум у Судане і Бангі ў ЦАР.

Маштабы расейскай прысутнасці ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, несумненна, значна меншыя, чым у Сірыі. Іншы таксама і яе характар. Там няма афіцыйных расейскіх узброеных сілаў, але ёсць група наймітаў. Аднак, нават калі ў гэтым выпадку Масква спрабуе прыкрыць свае палітычныя інтарэсы ў афрыканскай краіне, якая захрасла ў хаосе, то і так бачна, што дзейнічае рашуча. Сведчыць пра гэта хаця б арганізаванне лагістычных акцыяў транспартавання зброі і абсталявання, а таксама адпраўка немалой групы наймітаў, верагодна, якія раней дзейнічалі ў Сірыі.

Урал 4320. Крыніца: twitter

Чаму ЦАР? На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў там ідзе братазабойчая грамадзянская вайна ўсіх супраць усіх. Цэнтральны ўрад супраць двух асноўных партызанскіх апазіцыйных саюзаў Селека і Анцібалака. Да таго ж канфлікт хрысціянаў з мусульманамі, барацьба паміж этнічнымі групамі і дзясяткамі меншых груповак і лакальнымі апалчэнцамі, а часам і паміж звычайнымі бандамі. У 2013 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый прызнала Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку дзяржавай, што не адбылася. Усталяваць мір у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы не змагла Францыя (у мінулым годзе вывела сваіх салдатаў), ваенныя кантынгенты суседзяў і іншых афрыканскіх дзяржаваў (у тым ліку і Паўднёваафрыканскай Рэспублікі). Тым не менш, Масква прызнала, што рэспубліка і тэрыторыя, пасечаная нябачнымі лініямі фронту, як і ў Сірыі, гэта дасканалы плацдарм для экспансіі ў Афрыцы. І гэта шанец зарабіць. Расейцы гэтага зусім не хаваюць.

У той жа заяве МЗС Расеі адзначалася: у супрацы з урадам Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, плануецца «вывучэнне магчымасці сумеснага выкарыстання прыродных рэсурсаў рэспублікі». Невыпадкова расейскія інструктары абралі базу паблізу патэнцыйных радовішчаў алмазаў, золата і ўрану. Прэзідэнту Фастэна-Аршанжу Туадэру паабяцалі дапамагчы аднавіць кантроль над усёй тэрыторыяй краіны. У якасці прыкладу згадалі поспехі ў Сірыі. Маскве залежыць на ліцэнзіі на здабычу ў будучыні. Але таксама і на ўбіццё кліну ў традыцыйнай зоне інтарэсаў Францыі. Расейцы хочуць дасягнуць мэтаў нізкім коштам. Высылка некалькіх тысячаў вінтовак і амаль 200 наймітаў – вельмі невялікая цана (на дадзены момант) за стварэнне ўражання ўзмацнення свайго ўплыву ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Шкада толькі, што самую высокую цану за афрыканскую мітусню Крэмль заплаціў трыма рэпарцёрамі, якія хацелі б расказаць усяму свету пра гэта.

Міхал Кацэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў