«Разам за вашу і нашу свабоду». Пікет супраць расейскай агрэсіі прайшоў у Вільні


Пікет супраць расейская агрэсіі ў падтрымку Грузіі, Украіны і Беларусі адбыўся 7 жніўня ў сталіцы Літвы.

Акцыя салідарнасці ў Вільні.
Фота: Ганна Русінава / «Белсат»

У скверы імя Барыса Нямцова ў Вільні, каля расейскай амбасады, 7 жніўня адбыўся пікет супраць расейскай агрэсіі ў трох краінах: Грузіі, Украіне і Беларусі. На акцыі прысутнічала каля 70 чалавек, сярод якіх былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, арганізацый. Былі прадстаўнікі таварыства беларускай культуры ў Літве, беларускі клуб «Сябрына», чальцы Сейму Літвы, еўрапарламентар Пятрас Аўштравічус. Лозунг пікету: «Разам за вашу і нашу свабоду».

У першую чаргу выступоўцы асудзілі працэс выбараў у Беларусі і запуск Астравецкай АЭС.

«Сёння Лукашэнка робіць сваю рэкламную кампанію, не зважаючы ні на якія захады бяспекі. Ён будзе тэставаць гэты рэактар ​​пасля запуску. Набліжаецца нядзеля, калі ён скрадзе выбар у беларускага народа. Мы, Літва, будзем абараняць тых людзей, супраць якіх могуць пайсці сілай і будзем ствараць ліст Магніцкага на тых, хто будзе здзяйсняць злачынствы супраць дэмакратыі, чалавецтва. Я думаю, мы будзем першымі, хто такі спіс зробіць», – адзначыў чалец Сейму Літвы Жыгімантас Павілёніс.

Акцыя салідарнасці ў Вільні.
Фота: Ганна Русінава / «Белсат»

Еўрапарламентар, пастаянны дакладчык Еўрапарламенту па Беларусі Пятрас Аўштравічус лічыць, што Лукашэнка выкарыстоўвае савецкія метады прасоўвання сваёй кандыдатуры і запуск Астравецкай АЭС – гэта проста дэманстрацыя фінансавай і энергетычнай сілы.

«Я думаю, што папулярнасць Лукашэнкі рэальна каля 3 %, падымаць свой рэйтынг трэба нейкімі спосабамі. Людзі не вераць у яго, пераслед і гвалт супраць людзей, дэманстрантаў выклікае зваротную рэакцыю», – кажа Пятрас Аўштравічус.

Акцыя салідарнасці ў Вільні.
Фота: Ганна Русінава / «Белсат»

На акцыі выступіў таксама Вітаўтас Ландсбергіс, былы старшыня Вярхоўнага Савету Літвы, які назваў запуск станцыі вялікім свінствам для Літвы, якое можна было камусьці зрабіць, а тым больш суседу. Ён падкрэсліў, што сапраўдны сусед абуджаецца і сусед гэта беларускі народ і што зараз вырашаецца лёс самой Беларусі.

Ганна Русінава, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў