Расея пакуль не атрымала прэтэнзіяў ад Беларусі за брудную нафту

«Транснефть» усё яшчэ не атрымала ад Менску афіцыйных прэтэнзіяў у сувязі з забруджанай нафтай, якая паступала праз нафтаправод «Дружба», паведамляе interfax.

«Па-першае, мы з імі таксама працуем – з беларускімі партнёрамі. Ад іх патрабуецца адно – пацвердзіць дакументальна тыя ці іншыя лічбы, якія яны агучваюць, тыя ці іншыя аб’ёмы некандыцыйнай нафты, якія да іх патрапілі», – паведаміў кіраўнік «Транснефть» Мікалай Токараў.

Скандал вакол паставак няякаснай нафты пачаўся 19 красавіка сёлета. У гэты дзень дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці нафты, што паступае па нафтаправодзе з Расеі. 21 красавіка канцэрн «Белнафтахім» прыняў рашэнне часова абмежаваць экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў. 22 красавіка Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод паведаміў, што расейская нафта кепскай якасці прывяла да выхаду са строю дарагога абсталявання. Канцэрн «Белнафтахім» агучваў, што страты складаюць каля 100 мільёнаў долараў.

«Калі гэта ўсё будзе афіцыйна нам прадстаўлена, тады будзе, пра што казаць. А цяпер, пакуль робяцца эмацыйныя заявы з палітычнай афарбоўкай, яны не дазваляюць з дакладнасцю да канкрэтнай лічбай вызначыцца па шкодзе. Але мы ў любым выпадку вядзем гэтую працу, абмяркоўваем, і я спадзяюся, выйдзем на канструктыў», – дадаў ён.

Паводле падлікаў расейскага выдання «Ведомости», агульная шкода Беларусі ад няякаснай расейскай нафты можа скласці ад $ 271,3 млн да $ 435,3 млн. У траўні Расея і Беларусь дамовіліся стварыць працоўную групу з 8 асобаў для ацэнкі стратаў ад забруджвання нафты ў нафтаправодзе «Дружба» і спосабаў кампенсацыі.

У Маскве заявілі, што Расея гатовая кампенсаваць страты, але толькі тым, хто зможа пераканаўча даказаць іх.

«Тэхнічныя спецыялісты павінны яшчэ вызначыць прычынна-выніковыя сувязі. Гэта такое пытанне, ад чаго зламаўся… ад гэтай нафты або ад натуральнага зносу», – сказаў віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Козак.

Беларусь спадзяецца да канца года атрымаць кампенсацыю за брудную нафту з Расеі

СК belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны