«Расейцы скупляюць кватэры ў Менску – вось цэны і растуць». Калі ўжо памрэ гэты міф?

Кіраўнік краіны пару месяцаў таму здзівіў: «Чаму ў нас дарагія кватэры ў Менску… Масквічы рынуліся проста ў Беларусь. Яны грошы не лічаць – калі купляюць у Менску і іншых гарадах кватэры, – распавёў Лукашэнка. – Мы вельмі шмат будуем жылля для чаргавікоў. Сутнасць у тым, каб даць сваім кватэры. А ўжо ўсё астатняе – элітнае жыллё… Калі ласка, хай прыязджаюць масквічы».

Навіна гэтая здзівіла – журналісты кінуліся апытваць рыэлтараў, тыя толькі плячыма паціскалі – ды не, не рынуліся расейцы. Здзелкі ёсць, але звычайна на долю людзей з пашпартамі РФ прыходзіцца да 3%. Гэтую лічбу ўскосна пацвярджаюць у Нацыянальным кадастравым агенцтве. Але і там «чыстых» расейцаў мала – у асноўным гэта беларусы, якія змянілі грамадзянства. Купляюць жыллё для бацькоў, для адпачынку, як месца, дзе хочуць жыць на пенсіі. Невялікая частка пакупнікоў працуе ў прадстаўніцтвах расейскіх кампаніяў у Менску і абзаводзіцца кватэрамі для жыцця. Інвестыцыйных набыткаў мінімум. У тых жа новабудоўлях доля пакупнікоў-нерэзідэнтаў – да 2%.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Нічога не змяняецца ўжо шмат гадоў. Хаця…

Старажылы рыэлтарскага бізнесу прыгадалі, што пасля трохразовай дэвальвацыі беларускага рубля расейцаў прыйшло на рынак больш. У 2012-м іх доля даходзіла, па розных падліках, да 7 і нават 10 адсоткаў. Падлікі па сваіх здзелках вялі буйныя агенцтвы, і складана праверыць аб’ектыўнасць лічбаў. Лагічна, што замежнікі набывалі жыллё ў Беларусі толькі праз агенцтвы. Але праз агенцтвы ў краіне праходзіць усяго 15% здзелак, у Менску больш – але таксама далёка не ўсё. Беларусы ў масе сваёй спраўляюцца без пасярэднікаў.

Але нават пры долі ў 10% сярод кліентаў агенцтваў нерухомасці расейцы не ўплывалі на кошты кватэр у Каменнай горцы, Малінаўцы, Сухарава, Зялёным Лузе і на Ангарскай. Жыллё ў старых спальніках іх ніколі не цікавіла.

Меркаванні
Пацукі, блыхі, шумныя суседзі. Вывучаем падводныя камяні пры куплі сталінкі
2020.07.23 13:26

Можна падняць інтэрв’ю з кіраўнікамі агенцтваў нерухомасці і пачытаць, што ў 2012-м цікавіла «масквічоў»: больш за ўсё – новыя элітныя дамы ў раёне плошчы Перамогі. Кватэры коштам ніжэй эліт-класу, але з якасным аздабленнем і мэбляй, набывалі былыя жыхары Беларусі, якія доўгі час працавалі на багатых паўночных тэрыторыях Расеі і вырашылі вярнуцца дадому з высокімі пенсіямі і сурʼёзнымі зберажэннямі.

Пасля нашага крызісу куплялі кватэры і тыя, хто прыязджае сюды куціць у казіно. Гэта зручна, бо ляцець з адной сталіцы ў іншую крыху больш за гадзіну, віза не патрэбная. Багатыя людзі клапоцяцца аб прыватнасці – таму і аддавалі перавагу купляць, а не арандаваць жыллё. Але яны таксама не куплялі нешта эканом-класу, і дакладна не правакавалі рост коштаў у нашых спальніках.

Меркаванні
Эмоцыі і крэдыты прыпынілі падзенне коштаў на новабудоўлі. Ці надоўга?
2020.06.25 14:02

Тады ж фіксаваліся і інвестыцыйныя набыцці. Расейцы спадзяваліся, што купяць «элітку» або ўкладуць грошы ў новабудоўлю, якая стане «эліткай» на дне рынку, а прададуць пасля крызісу з наварам. Мала каму, дарэчы, гэты фінт атрымаўся, – толькі выбраліся з крызісу 2011-га, як уваліліся ў наступны. Напрыклад, тыя, што ўклаліся ў першы менскі хмарачос Ветразь на стадыі будаўніцтва, бачылі і зацягванне тэрмінаў і метр там па 1000.

Зараз рыэлтары канстатуюць: актыўнасць расейцаў нізкая. Колькасць здзелак з іх удзелам складае каля 2%. Жыллё ў асноўным набываецца па неабходнасці. Той жа спіс «неабходнасці» – для сваіх бацькоў, якія засталіся жыць у Менску, для сябе «на пенсіі», у сувязі з працай. І на тое, што ў Менску такі высокі (у суадносінах з даходамі насельніцтва) цэннік не ўплываюць.

Меркаванні
Зніжкі на менскія новабудоўлі ў крызіс: дзе ўжо ёсць і якіх варта чакаць
2020.06.11 15:55

Калі знікне міф?

Цэны на сталічныя квадратныя метры залежаць ад даходаў насельніцтва ў валютным выражэнні і ў цэлым ад эканамічнай сітуацыі ў краіне. Міф пра масквічоў, якія скупляюць усё і ўся на астраўку стабільнасці, падтрымліваюць толькі зверху. Ёсць добрая дзяржава, якая так імкнецца зрабіць жыллё даступным, і дрэнныя масквічы, якія тут жа ўсё скупляюць і бедным менчукам нічога не застаецца, як канкураваць з імі за бетонаметры, пераплачваючы два кошты.

Міф перастане ўсплываць, калі ў ім адпадзе патрэба. Калі знікне гульня ў клопат аб грамадзянах, якая ідзе зверху, і ўсім стане зразумела: рынак ёсць рынак. Можаце сабе ўявіць, каб у Францыі хтосьці тлумачыў парыжанам, чаму ў іх такі цэннік на жыллё? Або каб Трамп наракаў на панаехаўшых, што задзіраюць цэннік на Манхетэне? Якая дзяржава, такія і міфы.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Зніжкі на менскія новабудоўлі ў крызіс: дзе ўжо ёсць і якіх варта чакаць

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў