57,6 % беларусаў выступаюць за саюзніцкія і 31,8 % за партнёрскія адносіны з Расеяй. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, якое правёў Цэнтр прасторавага аналізу міжнародных адносін ІМІ МГІМО.
Вынікі апытання, рэалізаванага ў межах праекту «Трансфармацыі электаральных паводзінаў у рэгіёнах замежных краін, памежных з Расейскай Федэрацыяй: параўнальны прасторавы аналіз», апублікавала расейскае выданне kommersant.ru.
Падчас апытання было зроблена больш за 7000 тэлефанаванняў, сабрана 500 поўных анкет з кантролем выбаркі па ўсіх рэгіёнах Беларусі і па полаўзроставай структуры рэспандэнтаў.
На пытанне, якія адносіны з Расеяй вы лічыце найбольш прымальнымі для Беларусі, 57,6 % рэспандэнтаў адказалі «саюзніцкія», 31,8 % – «партнёрскія», 10,2 % – «нейтральныя». 0,2 % апытаных заявілі, што адносіны паміж краінамі павінны быць варожымі.
Таксама расейскія сацыёлагі даведаліся, як часта беларусы ездзяць у Расею. 21,4 % беларусаў сказалі, што бываюць у Расеі некалькі разоў на год, 55,4 % – адзін раз у год і радзей, а 23,2 % – ніколі не былі ў Расеі.
ЮВ belsat.eu