Падтрыманне саюзу з Расеяй падае, а з Еўразвязам – расце. Інтэрв’ю з сацыёлагам Андрэем Вардамацкім


Працоўная эміграцыя ўплывае на змены ў геапалітычнай арыентацыі беларусаў. Гэта новая з’ява, якую адкрылі сацыялагічныя даследаванні. Чым кіруюцца беларусы, калі выбіраюць Расею, і чым, калі выбіраюць Еўразвяз? Інтэрв’ю з доктарам сацыялагічных навук Андрэем Вардамацкім.

Што мы можам сказаць пра беларусаў: куды мы глядзім – на ўсход ці захад? І чаму?

Калі гаварыць пра даследаванні, то ёсць два аспекты гэтага пытання. Першы – колькасны. Колькі адсоткаў беларусаў ёсць прыхільнікамі, арыентаванымі на Расею ці на ЕЗ. Раней калідор быў прыкладна такі: 65 % былі прыхільнікамі прарасейскай арыентацыі, 20–25 % – прыхільнікамі Еўразвязу. Але цяпер сітуацыя змянілася.

Вынікі сацыялагічных даследаваняў студзень 2018 – жнівень 2019

У які бок?

Можна гаварыць пра паніжэнне арыентацыі на Расею на працягу апошняга паўтара года. Калі раней было 65 %, цяпер гаворка ідзе пра 54,5 %. Еўразвяз крыху вырас – на 5 %.

З чым гэта можа быць звязана?

Можна гаварыць пра тры прычыны. Першая – медыйная. Змена рыторыкі беларускіх медыяў адносна Расеі. Гэта ёсць як з боку дзяржаўных СМІ, гэтак і з боку недзяржаўных. Можа, дзяржаўныя больш спакойна гэта робяць, а недзяржаўныя – больш рэзка.

Другая прычына – рэфлексія, якая пачалася ў звычайных жыхароў Рэспублікі Беларусь адносна працэсаў, якія адбываюцца ў палітычным бамондзе, у топавых узроўнях палітычнага істэблішменту Расеі і Беларусі.

А калі сказаць нармальнай мовай, каб зразумелі людзі: людзям не падабаецца, як паводзяцца ўлады?

Танальнасць таго, як апісваюцца паводзіны Расеі, змянілася ў беларускіх медыях, як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных.

Трэцяе – звычайна гавораць пра тое, што імідж Расеі ў Беларусі ствараецца расейскімі СМІ. Так званы «Russian media impact» (рэд. расейскі медыйны ўплыў). Гэта не так. Насамрэч сутнасць працэсу ў тым, што ўзаемадзеянне паміж гэтымі дзвюма інфармацыйнымі плынямі, пераплятанне, нават барацьба паміж імі, узаемадзеянне стварае геапалітычны вектар, які беларуская грамадская думка мае ў частцы геапалітычных арыентацыяў.

Вельмі цікава. 54 % арыентаваныя на Расею. Што гэта значыць, што гэта за людзі? Ці азначае гэта, што ўсе яны адразу хочуць пераехаць у Расею? Ці каб Беларусь стала часткай Расеі?

Ёсць нюанс. Калі я гаварыў пра гэтыя 60–65 %, якія былі, – гэта былі адказы на пытанне, якое гучыць менавіта так: «У саюзе з кім, на вашую думку, было б лепш жыць народу Беларусі, у саюзе з РФ або ЕЗ?» Калі ставіць пытанне ў лоб у юрыдычным сэнсе, ці хочаце вы, каб Беларусь стала часткай РФ, мы маем увогуле іншыя лічбы. Апошнія звесткі такія: 1,4 % апытаных хацелі б такога варыянту развіцця падзеяў. Ёсць яшчэ аспект, матывацыйны. Тут арыентацыя на Расею носіць характар каштоўнасна-ментальны, а арыентацыя на Еўропу – прагматычна-матэрыяльны. Гэта не адпавядае тым уяўленням, якія звычайна бытуюць у экспертным асяроддзі, але гэта вынікі даследаванняў.

Што гэта азначае? На Расею арыентуюцца людзі, якія падтрымліваюць «русский мир», славянскае братэрства?

Мы рабілі апытанне, каб людзі паводле 9-бальнай сістэмы ацэнкі давалі розныя матывацыі. Адна з іх гучала так: «У нас агульныя з Расеяй славянскія каштоўнасці». Менавіта гэтая каштоўнасць заняла першую пазіцыю. Там сярэдняя лічба – 8,25.



Гэта можа вынікаць з нашых гістарычных сувязяў, з прапагандысцкіх інфармацыйных плыняў. Як выглядае сітуацыя на іншым баку? Якія каштоўнасці звязваюць беларусаў з Еўропай?

Рэчаіснасць такая, што ў Еўропе найбольш спрыяльнай ёсць матэрыяльнай частка. Добрыя заробкі, магчымасці вучобы, лепшая інфраструктура, гандлёвыя сеткі і г. д.

Як дзеляцца гэтыя каштоўнасці паводле ўзроставых групаў? Ці ёсць нейкі падзел, што старэйшыя за Расею, а маладзейшыя за Еўропу?

Выразны падзел ёсць. Апошнія даследаванні паказалі новую зʼяву. Калі раней па выніках даследаванняў еўрапейская арыентацыя дамінавала ва ўзроставай групе 18–24 гады, то цяпер дадалася новая група, 25–34. Гэта вынік новага вектару працоўнай эміграцыі. Галоўны сэнс працоўнай эміграцыі не толькі матэрыяльны. Не проста прынесці заробак у сямʼю, а інфармацыйны сэнс. І гэта – галоўнае. Людзі, якія выязджаюць на Захад працаваць, становяцца кропкамі распаўсюду інфармацыі пра Захад. Гэта галоўная прычына.

Вы сказалі, што прыхільнікі Расеі страцілі 10 %, а Еўропа атрымала 5 %. 5 % недзе згубіліся. Што стала з гэтымі людзьмі, якія адышлі ад Расеі, але не прыйшлі ў Еўразвяз?

Ёсць такая асаблівасць працэсу, яна заключаецца ў тым, што тыя людзі, якія адышлі ад Расеі, не пераходзяць адразу ў Еўропу. Увогуле гэты працэс не мае люстэркавага характару. Палова, так бы мовіць, страціла дакладную арыентацыю і перайшла ў пазіцыю «цяжка адказаць».

У вас ёсць цікавыя звесткі адносна таго, як бы беларусы хацелі бачыць адносіны Беларусі і Расеі. Як можна пракаментаваць гэтыя вынікі? Мы бачым, што ёсць вялікая група, 75 %. Гэта хто?

Калі абагуліць вынікі, выбудоўваецца формула стасункаў беларусаў да Расеі. І гучыць так: супраца – так, але ўступленне – не. Бачым, што жаданне ўступіць у юрыдычным сэнсе – 1,4 %.

Застаецца амаль 20 % людзей, якія не арыентаваныя палітычна. Як іх можна назваць? Чым яны кіруюцца ў сваім жыццёвым выбары?

Тут дзве сацыяльныя групы. Першыя насамрэч не маюць ніякай арыентацыі. А другія – людзі, якія маюць пазасаюзную арыентацыю. Яны маюць сваю аргументацыю: калі Расея, то нашыя прадпрыемствы стануць расейскімі, а калі Еўропа – еўрапейскімі, зруйнуецца нашая прамысловасць. Тое самае з гандлёвымі сеткамі, а таксама ў ваенным сэнсе. Калі прыйдзе Расея, мы станем часткай тэрыторыі, якая выкарыстоўваецца супраць Еўропы, і наадварот.

Ці можам назваць гэтых людзей «незалежнікамі», якія трымаюцца беларускай пазіцыі?

Тут ёсць і маральная, і практычная частка. Практычная частка ў тым, што людзі не хочуць, каб іх тэрыторыя выкарыстоўвалася з абодвух бакоў.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 08.11.2019

Іншыя тэмы праграмы:

Беларускія і польскія дыпламаты знайшлі дарогу да збліжэння

Вучэнні «Жалезны воўк 2» на мяжы з Беларуссю. Наш рэпартаж з амерыканскай базы ў Літве

Раман Якаўлеўскі: Уладзіміра Макея могуць зрабіць ахвярным казлом

Чаму мільён пратэстуе ў самай багатай дзяржаве Лацінскай Амерыкі?

 

 

 

Стужка навінаў