Кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу Федэрыка Магерыні заявіла, што ЕЗ надалей будзе прытрымлівацца палітыкі непрызнання Крыму часткаю Расеі і працягне палітыку санкцыяў. Гэтую заяву расейскі сенатар Канстанцін Касачоў назваў «бессэнсоўным рытуалам, які ніяк не ўплывае на рэальны свет».
«Заявы і рэзалюцыі ЕЗ па Крыме нагадваюць сеансы самаўнушэння: рэальнасць усё далей адыходзіць ад еўрапалітыкаў, і ім даводзіцца паўтараць сабе, што Крым – гэта Украіна, рэферэндум – гэта анексія, дзяржпераварот – гэта законная змена ўлады, у Венесуэле іншы прэзідэнт замест абранага народам, а чорнае – гэта белае», – напісаў кіраўнік камітэту Савету Федэрацыі ў міжнародных справах Канстанцін Касачоў у сваім «Facebook’у».
16 сакавіка 2014 года Расея правяла незаконны з пункту гледжання міжнароднай супольнасці «рэферэндум аб статусе Крыму». Афіцыйны Менск, як і большасць краінаў свету, не прызнаў яго вынікаў. Пасля анексіі Крыму заходнія краіны ўвялі жорсткія санкцыі супраць Масквы, а кіраўніцтва Расеі ўзяло курс на паслядоўную самаізаляцыю.
ЮВ belsat.eu