А з Крымам што? Украінцы разбіраюць на інгрэдыенты праграмы сваіх кандыдатаў


Грамадская арганізацыя распрацавала анлайн-платформу, дзе можна параўноўваць перадвыбарчыя праграмы і абяцанні кандыдатаў, як у інтэрнэт-краме.

39 кандыдатаў на прэзідэнта – не жартоўная задача для тых, хто захоча пазнаёміцца з іхнымі праграмамі. А, як сведчаць дадзеныя даследніцкага цэнтру Разумкова, амаль 37% украінцаў чытаюць перадвыбарчыя праграмы ды абяцанні перад тым, як аддаць свой голас на выбарах.

Грамадскія актывісты з арганізацыі «Centre UA» лічаць, што такая лічба не абавязкова азначае зацікаўленасць траціны насельніцтва праграмамі кандыдатаў. Аднак, найбольш верагодна, што людзі з гэтай траціны паспрабуюць даведацца, што прапаноўваюць і абяцаюць кандыдаты.

«Мы хочам скараціць гэты шлях паміж жаданнем чытаць перадвыбарчыя праграмы, і самімі гэтымі праграмамі», – кажа аналітык «Centre UA» Марыя Лявонава.

Аналітык грамадскай арганізацыі «Centre UA» Марыя Лявонава

Праграмы без «вады»

Аналітыкі адкінулі імаверных тэхнічных кандыдатаў ды кандыдатаў з найменшымі рэйтынгамі, учыталіся ў праграмы топавай дзясяткі ды стварылі адмысловую параўнаўчую праграму, дзе можна «падсушыць» кандыдата ад папулісцкай «вады» і праверыць – а што па справе: якія прапановы па крызісе на Данбасе, якія змены чакаюць энергетычную сферу і г.д. Гэтак, прыгледзеўшыся да прапановаў вырашэння крымскага пытання (непасрэдная адказнасць прэзідэнта), высвятляецца, што 4 з 10 прэтэндэнтаў на пост кіраўніка ўкраінскай дзяржавы наагул не маюць акрэсленай пазіцыі па анексаваным паўвостраве, а два абмяжоўваюцца агульнымі фразамі.

Задаўшыся пытаннем (напрыклад, «што думае мой кандыдат па гендарных пытаннях?»), можна са здзіўленнем для сябе даведацца, што пра правы жанчынаў няма ні слова ў праграме адзінай з дзясяткі кандыдаткі. Наагул – у праграмах крытычна мала пра правы чалавека.

Перадвыбарчыя постары ў Кіеве, сакавік 2019 г. Фота REUTERS/Valentyn Ogirenko

«Да правоў чалавека нашая ўлада вяртаецца толькі тады, калі трэба размаўляць з заходнімі партнёрамі, – адзначае Лявонава. – Калі адбываюцца дыпламатычныя візіты, і трэба падпісаць важнае для Украіны пагадненне. А калі адбываецца прэзідэнцкая гонка, на гэтых пытаннях наагул не робіцца акцэнт».

Пры гэтым у топ-праграмах акцэнты ставяцца на сацыяльных ды эканамічных пытаннях, вырашэнне якіх не ўваходзіць у наўпроставыя кампетэнцыі прэзідэнта.

На платформе http://vybory2019.pravda.com.ua/#/candidates можна «падсушыць» кандыдатаў на прэзідэнцтва ад перадвыбарчай вады

«Вядома ж, вельмі зручна казаць пра тое, што я спыню закрыццё школаў, калі прэзідэнт у нас зрабіць гэтага ніяк не можа. Папулярна казаць пра змяншэнне тарыфаў, не кажучы, якім чынам, за якія грошы», – падсумоўвае аналітык.

Кандыдаты ад пустэчы

Платформа па сваім прынцыпе нагадвае інтэрнэт-краму. Тут можна выбіраць важныя пытанні і адчыняць адпаведныя часткі праграмаў розных кандыдатаў. Чытаць і выбіраць. На сайце ёсць і анлайн-тэст, выканаўшы ўсе пункты якога, можна даведацца, хто з кандыдатаў найбольш дапасаваўся да густаў і патрэбаў сваймі абяцанкамі. Можна ж, наадварот, выбіраць варыянт «Не маю пазіцыі па гэтым пытанні» ды атрымаць топ-3 найменш канкрэтных кандыдатаў.

Кіраўнік праектаў грамадскай арганізацыі «Centre UA» Андрэй Андрушкіў

«Гэта будзе азначаць, што кандыдат напаўпусты, – тлумачыць Андрэй Андрушкіў, кіраўнік праектаў «Centre UA». – Значыць, пасля абрання ў яго можна будзе наліць усё, што заўгодна. Ці гэта будуць алігархі, ці ўплывы Расейскай Федэрацыі, дзяржавы-агрэсара, ці ўплывы бандыцкіх груповак, – гэта ўжо невядома. Жахліва, калі кандыдат не мае пазіцыі па НАТА, па тым, працягваем мы дэцэнтралізацыю, ці згортваем, што робім з судовай рэформай. А такіх кандыдатаў дастаткова».

Як кажа Андрушкіў, людзі ўжо навучыліся, здымаючы слоік з індычым паштэтам з паліцы ў краме, чытаць склад прадукту і адстаўляць яго назад, калі палову інгрэдыентаў складае соя, а рэшту – вада.

«Я думаю, што наступным крокам эвалюцыі ўкраінскага грамадзяніна будзе ўменне не весціся на абгортку – медыявобраз, ролікі, удзел у ток-шоу. А глядзець на сутнасць». – рэзюмуе Андрушкіў.

Выбары прэзідэнта Украіны пройдуць 31 сакавіка. Паводле апошніх сацыялагічных даследаванняў, у першай тройцы прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі фатэль – Уладзімір Зяленскі, Юлія Цімашэнка і Пятро Парашэнка.

Як засведчыла міжнародная місія з назірання за выбарамі ENEMO, нягледзячы на парушэнні правілаў агітацыі, злоўжыванне адміністрацыйным рэсурсам, пакупку галасоў і палярызацыю інфармацыі ў медыях, ва Украіне ёсць усе ўмовы для правядзення дэмакратычных выбараў ды палітычных кампаніяў.

Адэля Дубавец belsat.eu

Стужка навінаў