Расейская фірма адсудзіла ў «Гомсельмаша» амаль $ 50 000. Завод «высвятляе карціну»


Холдынг «Гомсельмаш», адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў камбайнаў, летась заключыў два кантракты з расейскай кампаніяй «Краски КВИЛ», якая між іншага, вырабляе матэрыялы для афарбоўкі камбайнаў і трактароў, на агульную суму каля $ 34 300. Расейская фірма выканала ўсе свае абавязкі ў поўным аб’ёме, але беларуская кампанія не здолела расплаціцца за прадукцыю ані ў тэрміны, вызначаныя ў кантракце, ані пазней, падаюць «Сильные новости».

У выніку расейскі завод звярнуўся ў Арбітражны суд Белгародскай вобласці з пазовам да «Гомсельмашу».

Цяпер беларускае прадпрыемства мусіць выплаціць расейскай кампаніі больш за $ 47 тысячаў: да сумы кантрактаў дадаліся пеня, няўстойка і выплачанае пазоўнікам дзяржаўнае спагнанне.

Па звестках журналістаў, прадстаўнікі «Гомсельмашу» у суд не з’явіліся, бо кампанія не аспрэчвала наяўнасць запазычанасці.

Суд задаволіў пазоў расейскай кампаніі ў поўным абʼёме.

Рашэнне ўступіла ў законную сілу, але «Гомсельмаш» яго не выканаў. У сувязі з гэтым пазоўнік звярнуўся ў суд і 29 лістапада атрымаў выканаўчы ліст, па якім грошы з беларускага прадпрыемства будуць спаганяць у прымусовым парадку.

На «Гомсельмашы» гэтую інфармацыі нам пракаментаваць не змаглі.

«Забеспячэнцы павінны ўдакладніць аб’ектыўнасць інфармацыі па суме і контрагенту. Калі мы высветлім карціну для сябе, тады і дамо афіцыйны каментар. Думаю, заўтра. Пакуль не хочам нічога каментаваць», – сказаў у размове з «Белсатам» намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы, кадрах і сацыяльных пытаннях Аляксандр Канапацкі.

Чысты прыбытак гіганта беларускага машынабудавання (і лідара ў атрыманні дзяржаўнай дапамогі) за першыя дзевяць месяцаў гэтага года склаў усяго Br 142 тыс.

«Гомсельмаш» мае гіганцкія даўгі па крэдытах і пазыках: па кароткатэрміновых – Br 331,8 млн, па доўгатэрміновых – Br 855,1 млн.

Паводле фінансавага парталу «Banki24.by», дзяржава хоча прадаць (хаця б часткова) замежным інвестарам, але пакуль не можа знайсці ахвотных.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары