Пуцінскі дэдлайн для Лукашэнкі


Крэмль перадаў Менску свае прапановы пра фармат далейшай інтэграцыі – у межах дамовы аб Саюзнай дзяржаве, да выканання якой у Берасці заклікаў Дзмітрый Мядзведзеў. У адказ Менск заявіў, што мае свае – відавочна, дыяметральна іншыя – інтэграцыйныя ідэі. Усё гэта адбываецца на фоне чарговых харчовых войнаў і актывізацыі інфармацыйнага ціску з усходняй часткі Саюзнай дзяржавы. Падрабязнасці – у матэрыяле Усевалада Шлыкава.

Дзмітрый Мядзведзеў працягвае заставацца тварам уцягвання ў інтэграцыю. Пасля публічных заяваў у стылі «або плаціце за энерганосьбіты, як усе, або выконвайце саюзную дамову», расейскі прэм’ер даслаў Менску свае прапановы наконт інтэграцыі. У Беларусі гэта ўспрымаюць адназначна.

Інтэграцыя Расеі і Беларусі павінна быць больш важкай. Новая заява Мядзведзева

Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг:

«Вы чыталі гэтыя прапановы? Што там напісана? Яны прымаюць гэтыя захады за нашымі плячыма, яны без нас імкнуцца вырашыць наш лёс, і гэта вельмі-вельмі небяспечна».

Наш расейскі адмысловец, палітолаг Андрэй Суздальцаў, які гэтыя прапановы акурат чытаў, адмахваецца. Маўляў, якая тут небяспека, выконвайце тое, на што самыя 20 гадоў таму падпісаліся:

«Расейскія прапановы датычаць перадусім эканамічнай інтэграцыі. Ну глядзіце: у нас ёсць супольная карпарацыя нават з папуасамі, а з Беларуссю – няма. То бок фенаменальна інвестыцыі мінімальныя, толькі канкрэтна сфера транзіту энерганосьбітаў».

Як вынікае адразу з дзвюх свежых справаздачаў, прысвечаных расейскаму ўплыву на Беларусь, у Крамлі маюць досыць праблемнага хаўрусніка. Экспертная сетка iSANS (International Strategic Action Network for Security) кажа пра фактычны пачатак гібрыднай агрэсіі супраць Беларусі. Нашыя суразмоўцы адзначаюць, што гэта пакуль толькі падрыхтоўка.

Каментуе Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў:

«Расея рыхтуе неабходную інфраструктуру, каб выкарыстаць яе, калі не здолее пераканаць Аляксандра Лукашэнку пайсці на больш глыбокі ўзровень інтэграцыі».

Як вынікае ўжо з аналізу даследчага цэнтру ІСТ, гаворка аб прыблізна чатырох дзясятках сайтаў, якія, працуючы з беларускіх даменаў, распаўсюджваюць дэзынфармацыю і прарасейскую прапаганду. Такіх пляцовак стала ўдвая больш, чымся летась.

Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт:

«Калі казаць пра сайты, то яны не вельмі высокую наведвальнасць маюць, але яны ствараюць і перапошчваюць тую ці іншую інфармацыю. Я б большую ўвагу звярнуў на групы ў сацыяльных сетках. Яны часам ідуць асобна, а часам разам з такімі сайтамі».

Расея гвалтоўна пашырае інфармацыйную атаку ў беларускай медыяпрасторы. Новае расследаванне

Створаная цэлая сетка сайтаў, што каардынуюць інфармацыйны наратыў у рэгіёнах. Большасць матэрыялаў – перадрукоўка чужога кантэнту, але ўласныя публікацыі маюць усе прыкметы мовы варожасці і прарасейскай прапаганды, гаворыцца ў аналізе. Але напружанне расце і офлайн – на беларуска-расейскай мяжы.

«Усталёўваюцца кантрольна-прапускныя пункты памежнай службы ФСБ. Пасля таго як кіраўнік «Рассельгаснагляду» звярнуўся да ФСБ з просьбаю дапамагчы ў барацьбе супраць шэрых схемаў, думаю, ФСБ толькі ўзмоцніць сваю прысутнасць», – мяркуе Арсен Сівіцкі.

«Рассельгаснагляд» ужо забараняў экспарт беларускай ялавічыны, садавіны ды гародніны. Цяпер там намагаюцца адмяніць ранейшае рашэнне суда ЕАЭС, каб магчы блакаваць яшчэ і беларускую малочную прадукцыю. У Маскве ўжо маюць дату дэдлайну, калі вырашыць беларускае, а хутчэй, лукашэнкаўскае пытанне.

«Да 2024 года пытанне Лукашэнкі будзе, канечне, развязвацца, бо відавочна, што Пуцін не захоча перадаваць гэтай праблемы – інтэграцыі, якой не адбываецца, – наступнаму прэзідэнту, кім бы ён ні быў, бо па выніку гэта ўсё можа быць пастаўлена Пуціну ў віну», – мяркуе Андрэй Суздальцаў.

У 2024 годзе канчаюцца паўнамоцтвы расейскага лідара на пасадзе прэзідэнта, і без змены Канстытуцыі ці фармату ўладарання застацца на крамлёўскім прастоле ён не зможа. Пра пагрозу суверэнітэту Беларусі даўно кажуць на Захадзе, заўважаюць айчынныя незалежныя эксперты. А што самыя ўлады?

«Былі прынятыя адразу пасля 2014 года і новы абарончы план, і дырэктыва пра абарону дзяржавы, распрацаваная новая вайсковая дактрына, якая засяроджвае ўвагу на гібрыдных аперацыях, гібрыднай вайне», – кажа Арсен Сівіцкі.

Бо расейскія адмыслоўцы ў гібрыднай вайне – ужо ў Менску. Новы амбасадар нашых усходніх суседзяў Міхаіл Бабіч набраў сабе ўзорную каманду. Новы вайсковы аташэ працаваў на той жа пасадзе ва Украіне, да 2014 года. Першы сакратар амбасады Андрэй Клінцэвіч – удзельнік анексіі Крыму. Дарадца-пасланнік Аляксей Сухаў працаваў у Генштабе ГРУ. Чым адказвае Менск?

Каментуе Арсен Сівіцкі:

«Тут трэба казаць пра новы Закон аб сродках масавай інфармацыі, які накіраваны на дэананімізацыю карыстальнікаў, і вось новая канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі… Але мне здаецца, што ўсё гэта не мае сістэмнага кірунку. Мы бачым, што гэтыя дакументы маюць такі агульны характар».

Інфармацыйная бяспека ад Лукашэнкі: як сябраваць з Пуцінам і ад яго ж абараняцца

Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі кажа пра інфармацыйны суверэнітэт і нейтральнасць Беларусі. Аднак не вызначае, хто таму суверэнітэту пагражае. У Расеі кажуць: хочаце суверэнітэту?

«Суверэнітэт азначае сусветныя кошты на імпарт: вось тут будзе шанец паказаць свае якасці добрага кіраўніка», – кажа Андрэй Суздальцаў.

Але Лукашэнка сам стварыў сістэму, якая не здольная існаваць без датацыяў, якіх расейцы ўклалі ў ягоны рэжым больш як на сто мільярдаў долараў. І ў пэўным сэнсе такі інвестар можа пачувацца ў праве захаваць набытае. Праўда, можа стацца так, што за дабрабыт вертыкалі ўлады заплоціць уся нашая краіна.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» 19.04.2019

Фэйкавая імперыя супраць рэспублікі, ды Зяленскі як Лукашэнка. «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Фота вокладкі: president.gov.by, Berit Roald / NTB scanpi / Forum

Глядзі таксама
Каментары