ПраСвет Фэйкавая імперыя супраць рэспублікі, ды Зяленскі як Лукашэнка. «Прасвет» з Алінаю Коўшык


Ці Аляксандр Лукашэнка мог бы выйграць выбары ва Украіне? І як Беларусь губляе незалежнасць у Саюзнай дзяржаве, а таксама пра тое, якія структуры рыхтуе Крэмль у нашай краіне. Больш пра тэмы «Прасвету»:

Крэмль узмацняе свае структуры ў Беларусі. Да чаго яны рыхтуюцца?

Крэмль перадаў Менску свае прапановы пра фармат далейшай інтэграцыі ў межах Дамовы аб Саюзнай дзяржаве. Гэта да яе выканання ў Берасці заклікаў кіраўнік расейскага ўраду Дзмітрый Мядзведзеў. У адказ Менск заявіў, што мае свае, відавочна, дыяметральна іншыя інтэграцыйныя ідэі. Усё гэта адбываецца на фоне чарговых харчовых войнаў і актывізацыі інфармацыйнага ціску з усходняй часткі Саюзнай дзяржавы. Сюжэт Усевалада Шлыкава.

Палітолаг: «Беларусь і Турцыя – паміж ЗША і Расеяй»

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган слабее. У выніку апошніх выбараў уладу ў самых вялікіх гарадах узяла апазіцыя. Пачынаецца канец дамінацыі ісламістаў. У гэты складаны момант для прэзідэнта Турцыі Анкару наведаў Аляксандр Лукашэнка. «Беларусь шукае новых партнёраў сярод тых дзяржаваў, у якіх добрыя дачыненні з Расеяй», – лічыць госць «Прасвету» Конрад Заштаўт, даследчык Турцыі з Варшаўскага ўніверсітэту.

Лукашэнка на экспарт. Чаму яго любяць украінцы?

Пакуль Пятро Парашэнка і Уладзімір Зяленскі змагаюцца за пасаду кіраўніка дзяржавы, ва Украіне карыстаецца вялікаю папулярнасцю кіраўнік суседняе краіны – Беларусі. Чым жа так мілы Лукашэнка ўкраінскаму электарату, і што гэта значыць для абедзвюх дзяржаваў? Разбіраўся Зміцер Міцкевіч.

Зяленскі 2019 і Лукашэнка 1994. Што супольнага?

Сітуацыю вакол украінскіх выбараў каментуе ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў.

Ідуць у NATO, але сімпатызуюць Расеі

Расея ціха, без шуму прайграла чарговую краіну на Балканскім паўвостраве, які калісьці лічыла ўласным полем. Гаворка пра Македонію, або, як яе правільна цяпер называць, Паўночную Македонію. Ігар Кулей і Дзяніс Дзюба наведалі Скоп’е, каб лепш зразумець, чаму так адбылося.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары