Пуцін: нагоды для аб'яднання Беларусі і Расеі сёння няма


Расея і Беларусь не будуць абʼядноўвацца да даты заканчэння паўнамоцтваў прэзідэнта РФ, заявіў Уладзімір Пуцін на пленарным пасяджэнні Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму.

«Мы, па маім глыбокім перакананні, адзін народ. Але так склалася, што мы жывем у розных краінах, розныя дзяржавы ўтварыліся. Сёння няма падстаў для дзяржаўнага абʼяднання. У нас няма такіх планаў, мэтаў няма», – цытуе расейскага кіраўніка RT.

Пуцін адзначыў: шмат што з дамовы аб Саюзнай дзяржаве да гэтага часу не зроблена.

«Шмат з таго, што было напісана ў гэтай дамове аб Саюзнай дзяржаве, якая не выканана, і мы абмяркоўвалі гэта з Аляксандрам Рыгоравічам, ці можам мы ў новых умовах сённяшняга дня нешта выканаць з таго, што не зроблена, альбо дадаць з таго, што зʼяўляецца цяпер актуальным», – выказаўся Пуцін.

Раней пра тое, што ў Саюзнай дамовы няма мэты вывесці кагосьці на «прэзідэнцкі трон», у інтэрвʼю РБК заявіў кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў.

***

У сакавіку гэтага года Bloomberg са спасылкай на інфармаваныя крыніцы ў Крамлі паведаміла, што некаторыя прадстаўнікі кіруючай эліты Расеі аказваюць ціск на Уладзіміра Пуціна, каб ён заставаўся прэзідэнтам як мага даўжэй. Адзін з разгляданых варыянтаў мяркуе «прымус Беларусі да абʼяднання з Расеяй для стварэння новай дзяржавы», каб Пуцін мог абыйсці канстытуцыйныя абмежаванні і стаць прэзідэнтам ужо новай краіны.

Тады ж інфармацыю пракаментаваў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Ён заявіў, што на двухбаковых сустрэчах «гэтая тэма закраналася часам мімаходзь і толькі ў кантэксце тых інсінуацый, якія зʼяўляюцца ў розных СМІ». Макей нагадаў словы Лукашэнкі пра тое, што «краіна суверэнітэтам не гандлюе».

Да 21 чэрвеня павінна зʼявіцца гатовая «дарожная карта» інтэграцыі, падрыхтаваная ўрадамі, пасля чаго да перамоваў далучацца прэзідэнты.

КА belsat.eu, паводле TUT.BY

Стужка навінаў