Прызыў у каронавірусны час паказвае сапраўднае стаўленне да жаўнера


Прызыў у войска падчас эпідэміі – асабліва складаная захада. Шмат людзей з розных рэгіёнаў і сацыяльных групаў збіраюцца ў транспарце ды часта ў цесных памяшканнях, дзе асабістая прастора абмяжоўваецца двума-трыма квадратнымі метрамі на чалавека. І гэтак разам яны праводзяць у вучобе і баявым рыхтаванні кожны дзень.

Неабароненыя абаронцы?

У Беларусі прызыўная кампанія і адпраўленне навабранцаў у войскі скончыліся толькі ў студзені. Асноўная прычына – шмат якія медычныя ўстановы змянілі профіль і працуюць толькі з хворымі на COVID-19. Таму агляд прызыўнікоў і кансультацыі пераносіліся.

Пры гэтым хлопцаў часта спачатку збіралі ў адным памяшканні кшталту актавай залы, дзе іх аглядалі міліцыянты (людзі з групы эпідэмічнай рызыкі) на наяўнасць забароненых рэчаў. Затым рэкрутам мералі тэмпературу, а дактары дадаткова аглядалі на сімптомы каронавіруса. То бок спачатку людзей збіралі разам і толькі потым выяўлялі патэнцыйна хворых, каб адправіць іх у ізаляцыю.

Беларускія навабранцы маршуюць падчас цырымоніі прысягання ў канцы 2020 года.
Фота: https://vsr.mil.by

Фармальна любы чалавек з сімптомамі рэспіраторнай хваробы мусіў бы адпраўляцца ў ізаляцыю, аднак колькасць ізаляваных нідзе не публікавалася. Прысягу навабранцаў ладзілі ў прысутнасці сваякоў і без абавязковага масачнага рэжыму, што зноў жа магло прывесці да трапляння каронавіруса ў казармы.

Фотаздымкі на сайце ўстановы зняпраўджваюць яе ж заяву: «У гэтым годзе прысяга ва Узброеных Сілах праводзіцца… з жорсткімі захадамі засцярогі ад распаўсюду каронавіруснай інфекцыі».

Краіны падобныя, начальства рознае

Не так шмат краінаў у Еўропе захавалі абавязковую вайсковую службу, аднак заканамерна, што гэта краіны найбольш падобныя да Беларусі паводле дэмаграфічных і вайскова-палітычных характарыстык. Якія ж захады рабіліся ў гэтых краінах для абароны моладзі, якая ідзе вучыцца ваяваць за Радзіму?

Нейтральная Швецыя не толькі не зменшыла прызыву, але і павялічыла яго, спасылаючыся на агрэсіўныя паводзіны Расеі. «Мы маем умовы, у якіх расейскі бок хоча выкарыстоўваць вайсковыя сродкі для дасягнення палітычных мэтаў», – адзначыў увосень міністр абароны краіны Петэр Гультквіст. Набор у войска павялічаць да 8000 асобаў на год у 2025-м, у параўнанні з 4000 у 2019-м. Пры гэтым дзяржава ўвяла жорсткія захады адносна навабранцаў, у тым ліку абмяжоўваючы іхныя адпачынкі і кантакты з сем’ямі.

Швейцарыя, што месціцца практычна ў сэрцы Еўропы, у сувязі з небяспекай эпідэміі адправіла палову прызыўнікоў дадому з умоваю праходжання імі самастойнага курсу пачатковага вайсковага рыхтавання праз адмысловую онлайн-сістэму.

Швейцарскія жаўнеры падчас эпідэміі.
Фота: Fabrice Coffrini/AFP

Плануецца, што навабранцы павінны вучыцца і трэнавацца шэсць гадзінаў на дзень індывідуальна, а праграма будзе адсочваць гэты працэс. Пасля трох тыдняў дыстанцыйнага навучання маладзёны пройдуць тэст на каронавірус і павінны здаць тэсты паводле пройдзенай праграмы онлайн-навучання. Затым трапяць у казармы, дзе будуць прытрымлівацца строгіх санітарна-эпідэмічных правілаў.

Украіна, якая вымушаная працягваць баявыя дзеянні на Данбасе, перанесла тэрмін прызыву, увяла жорсткія санітарна-эпідэмічныя правілы паводзінаў для жаўнераў, змабілізавала дадатковую колькасць медыкаў і добраахвотнікаў. Усе навабранцы ўступаюць у войска толькі пасля 2-тыднёвага каранціну, як і жаўнеры, якія адпраўляюцца ў зону баявых дзеянняў.

У Эстоніі ў войску ўвялі правілы сацыяльнай дыстанцыі і нашэння масак, дадатковыя захады гігіены. Абмяжоўваюцца кантакты жаўнераў тэрміновай службы са сваякамі. 187 навабранцаў трапілі ў каранціны пасля таго, як правялі Каляды з бацькамі, а потым вярнуліся на службу з падазронымі сімптомамі.

Беларусы не патрыёты?

У канцы мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў пра «адсутнасць сапраўднага патрыятызму, асабліва ў нашых мужыкоў» у размове з міністрам абароны Віктарам Хрэніным.

Міністр абароны Віктар Хрэнін і старшыня Памежнага камітэту Анатоль Лапо.
Фота: Andrei Stasevich / TASS / Forum

Высокі прэстыж тэрміновай службы ў Фінляндыі, Эстоніі ды скандынаўскіх краінаў звязаны найперш з даверам чалавека да сваёй дзяржавы і адчуваннем свайго грамадзянскага абавязку перад ёю, з высокаю нацыянальнаю свядомасцю і салідарнасцю. З рэчамі, якія варожыя існаму антынацыянальнаму прасавецкаму рэжыму ў Беларусі.

Стужка навінаў