Прэзідэнт Польшчы распавёў, што думае пра інтэграцыю Беларусі і Расеі

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда размаўляе з журналістам падчас 32-га саміту NATO ў Лондане. Фота – HENRY NICHOLLS / Reuters / Forum

Падчас саміту лідараў NATO ў Лондане Анджэй Дуда заявіў, што ягоная краіна, як і ўвесь Альянс, уважліва назіраюць за беларуска-расейскімі дачыненнямі.

«Кожная суверэнная дзяржава вырашае, у якія саюзы ўваходзіць. Якім чынам будзе арганізоўваць свае ўнутраныя справы ў тым ліку пытанні палітычнай сістэмы. Мы прыхільнікі дэмакратыі, бо лічым што дэмакратыя – тая сістэма, якая найлепей сябе паказала ў гісторыі, і найлепей функцыянуе. Але кожная дзяржава мае права прымаць уласныя суверэнныя рашэнні», сказаў Анджэй Дуда на выніковай прэсавай канферэнцыі, адказваючы на пытанне польскай журналісткі Дамінікі Чосыч.

Паводле польскага лідара, Польшча і ейныя саюзнікі уважліва назіраюць за сваймі суседзямі і, у прыватнасці, тым, ці ў дачыненнях паміж малымі і вялікімі дзяржавамі апошнія маюць магчымасць захаваць свой суверэнітэт і вырашаць свой лёс.

«З гэтага пункту гледжання мы будзем назіраць за кожнымі дачыненнямі паміж дзяржавамі – ці гаворка ідзе пра Украіну і Расею, ці Беларусь і Расею. Пакуль усё адбываецца паводле прынцыпу кансэнсусу дзяржаваў і народаў, мы не бачым праблемы. Калі ж адна дзяржава пачынае паводзіць сябе агрэсіўна ў дачыненні да іншай і пачынае вымушаць нейкія дзеянні ці саступкі, тады пачынаецца праблема, але сёння мы пра гэта не гаворым», – дадаў Анджэй Дуда.

Кіраўнік NATO адказаў, як адрэагуе альянс на магчымую інкарпарацыю Беларусі

  • 3–4 снежня ў Лондане праходзіць 32-і саміт NATO, на якім Альянс адзначае сваё 70-годдзе.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны