Прэс-сакратар Пуціна: пра далучэнне Беларусі да Расеі гаворкі не ідзе


У Крамлі запэўнілі, што гаворка пра далучэнні Беларусі не ідзе. Пра гэта заявіў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

«Вядома, гаворка не ідзе пра нейкае далучэнне», – цытуе Пяскова ТАСС. Паводле яго, гаворка ідзе пра «рух насустрач адзін аднаму».

Прадстаўнік Крамля адзначыў таксама, што на сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўваюцца сярод іншых пытанні, звязаныя са стратамі Беларусі ад падатковага манеўру РФ. Ён запэўніў, што гэтая тэматыка і праблематыка далейшай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы – паралельныя пытанні, яны нібыта «не завязаныя» адзін на аднаго. (Гэтыя словы супярэчаць так званаму ўльтыматуму Крамля, агучанаму прэм’ерам Дзмітрыем Мядзведзевым на паседжанні савету міністраў Саюзнай дзяржавы 13 снежня).

Паводле Пяскова, Масква будзе лічыць паспяховым такі вынік перамоваў двух лідараў, які дазволіць здзейсніць «яшчэ адзін крок у бок развіцця нашых саюзніцкіх стасункаў».

«Гэта шлях доўгі, тут наўрад ці варта чакаць нейкіх прарыўных рашэнняў, таму што гэта досыць складаная субстанцыя, – падкрэсліў ён. – Акрамя таго, ёсць пытанні, якія менш маштабныя, але не менш важныя для кожнага з бакоў».

ВІДЭА
«Я пажартаваў, што надакучылі адзін аднаму». Пачалася сустрэча Лукашэнкі і Пуціна
2018.12.29 12:17
  • Падатковы манеўр, які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 па 2024 год могуць скласці ад 8 да 12 млрд. долараў. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
  • Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляе газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
  • Ультыматум Мядзвездзева – заява прэм’ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева на паседжанні савету міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў