Сябры Каардынацыйнай рады, якіх змусілі пакінуць Беларусь, распавялі, як Марыя Калеснікава парвала свой пашпарт


Сябраў Каардынацыйнай рады Івана Краўцова і Антона Раднянкова беларускія спецслужбы вымусілі з’ехаць за мяжу. Цяпер яны ў Кіеве і далі прэс-канферэнцыю.

Антон Раднянкоў – прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Беларусі, Іван Краўцоў – выканаўчы сакратар утварэння.

Яны раскажуць пра перасячэнне дзяржаўнай мяжы, затрыманні Марыі Калеснікавай, ціск на Каардынацыйную раду.

Антон Раднянкоў распавядае, што яго затрымалі раніцай 7 верасня, калі яны з Іванам Краўцовым паехалі дамой шукаць Марыю Калеснікаву. Невядомыя ў масках схапілі іх і пасадзілі ў бус, адвезлі ў ГУБАЗіК.

Некалькі гадзінаў іх вазілі па розным аддзяленням міліцыі ў кайданках з мехам на галаве.

Іван Краўцоў спрабаваў высветліць, у якім статусе ён знаходзіцца, аднак адказу не атрымаў. Гэта ўсё цягнулася некалькі гадзінаў. Пасля ўсяго іх прывезлі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў.

З Іванам Краўцовым размаўлялі людзі ў цывільным. Сілавікі паказалі яму дакументы, якія нібыта даказваюць ягоную віну ў эканамічным злачынстве. Калі ён не пагодзіцца на іх план развіцця падзеяў, абяцалі распачаць супраць яго крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

«Іх цікавіў вываз Марыі Калеснікавай за мяжу. Адзін з варыянтаў, які мне прапанавалі, каб вывесці яе на маім аўтамабілі. Марыя і я раней абмяркоўвалі такую магчымасць і выключалі дабравольны выезд з Беларусі. Пасля мне паведамілі, што Марыю даставяць на мяжу. То бок, яе везлі сілай. Каля 23 гадзіны нас пасадзілі ў мікрааўтобусы, мы заехалі ў КДБ, дзе, як разумею, была Марыя Калеснікава..»., – распавёў Іван Краўцоў.

«Мы праехалі беларускую мяжу без прыпынкаў. Мяне высадзілі на нейтральнай тэрыторыі і прапанавалі прайсці ў аўта Івана. Марыю прывезлі на аўтобусе і праз мяжу правезлі на ім. У аўта Івана, яе вялі сілай, затаўкалі, заблакавалі дзверы знутры. Калі яна пабачыла свой пашпарт, парвала яго на мелкія кавалкі, вылезла праз вакно і пайшла ў бок беларускай мяжы…»

Іван Краўцоў адказаў на пытанне журналістаў наконт запісанага відэа: Яны мне далі свой аўтарскі тэкст, удалося сысціся на больш нейтральным. Мяне адвезлі ў лес. Адзін чалавек трымаў лямпу, другі ў камуфляжы падаў мне сэлфі-палку з тэлефонам. За гэтым назіралі яшчэ двое. Мы зрабілі некалькі версіяў відэа.

Іван Краўцоў выказаў меркаванне, што Марыя Калеснікава можа быць у КДБ, дзе яе трымалі раней.

На пытанне, чаму мужчыны не зрабілі тое ж, што і Марыя, – парваць пашпарт, Антон Раднякоў адказаў, што Марыя герой і ён не можа адважыцца на шмат якія рэчы, на якія адважылася Марыя Калеснікава.

Таксама Антон Раднянкоў расказаў, што ў аўце яны знайшлі тэсты на каронавірус, страхоўку і квіткі для яго і Івана ў Турцыю, для Марыі Калеснікавай – праз Вену ў Мюнхен. Ён выказаў здагадку, што гэткім чынам па БТ хацелі паказаць, як яны паехалі адпачываць, а Марыя з’ехала ў Нямеччыну.

  • Раніцаю 8 верасня з’явілася інфармацыя, што сябры Каардынацыйнай Рады Марыя Калеснікава, Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў каля 4-ай гадзіны раніцы прайшлі кантроль на беларуска-ўкраінскай мяжы.

belsat.eu

Стужка навінаў