Праз каронавірус беларуска апынулася заблакаванай у Азербайджане


Грамадзянка Беларусі, якая прыехала ў Азербайджан з Польшчы, з красавіка бягучага году не можа вярнуцца ў краіну пражывання.

Алена Мельнікава.
Фота: facebook

Алена Мельнікава апошнія 6 гадоў працавала і жыла ў Варшаве, стварыла там паспяховы салон прыгажосці. Дзяўчына часта ездзіла ў Азербайджан, дзе яе паслугі ў сферы прыгажосці апынуліся запатрабаванымі. Алена прыпыніла дзейнасць салону ў Варшаве і вылецела ў Баку. Але праз пандэмію каронавірусу апынулася заблакаванай у гэтай краіне без магчымасці вярнуцца дадому. У чужой краіне Алена засталася без сродкаў для існавання.

«Тут я працавала доўгі час, уладкавалася ў салон прыгажосці. Пазней пачалася пандэмія каронавірусу. Але я спадзявалася, што неўзабаве скончыцца каранцін і абмежаванні здымуць, адчыняць межы. Проста не верыла, што такое можа быць. Пазней я даведалася, што беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы арганізоўвалі рэйсы, каб беларусы маглі з’ехаць дадому. Як раз у гэты час да мяне прыехала сяброўка, якую я не магла пакінуць адну. У выніку мы апынуліся заблакаванымі, без магчымасці выехаць», – распавяла «Белсату» Алена Мельнікава.

Hавiны
У свеце пачынаецца другая хваля COVID-19. Беларусь яшчэ не выйшла з першай?
2020.06.24 14:49

Алена распавядае, што мясцовыя тэлеканалы даволі лагодна распавядалі пра сітуацыю з каронавірусам і не раз гучала інфармацыя, што неўзабаве межы адчыняць і ўсё вернецца да звыклага жыцця. Таму і вырашыла застацца. Але ў траўні сітуацыя рэзка змянілася.

«Я звярнулася ў беларускую амбасаду, але мне параілі звярнуцца толькі да родных ці знаёмых, каб яны дапамагалі. Як раз у траўні распачаўся каранцін у Баку, зачынілі салон, у якім я працавала. На той момант яшчэ неяк трымалася ў фінансавым плане. У беларускай амбасадзе мне распавялі, што плануецца рэйс у Менск. Я набыла квіток, але да апошняга вагалася. Мяне палохала сітуацыя з распаўсюдам каронавірусу ў Беларусі. Да таго ж, я фактычна апошнія гады жыла ў Варшаве. Там засталіся мае рэчы, бізнес… У Беларусі толькі мае бацькі, якія жывуць у невялікай кватэры і аплочваюць крэдыт за жытло. Таму перспектыва патрапіць у Менск і застацца там заблакаванай была не вельмі прымальнай», – кажа Алена.

Алена Мельнікава.
Фота: facebook

Дзяўчына распавядае, што прыняла рашэнне ляцець адмысловым рэйсам Баку-Менск-Варшава. Але за дзень да вылету яна даведалася, што аэрапорт у Варшаве зачынілі. Алена вырашыла здаць квіток на самалёт, а за гэтыя грошы змагла пражыць яшчэ некаторы час.

«Справу ўскладняла яшчэ і тое, што я ў Баку не адна. Мы апынуліся заблакаванымі з маёй сяброўкай, якая прыляцела да мяне ў госці. Яна з Расеі, а аэрапорты ў Маскве таксама перасталі прымаць самалёты. На тле нервовай сітуацыі ў яе пачаліся праблемы са здароўем. Мы чакалі, што межы адчыняць, але спадзевы не спраўдзіліся. Наадварот каранцін працягваўся кожныя два тыдні. Працы ў мяне наагул не засталося. Сфера прыгажосці не з’яўляецца першай неабходнасцю. Амбасада таксама перастала цікавіцца маім лёсам. Я і разумею, што магла паляцець у Менск, але адмова ад пералёту была маім рашэннем», – кажа дзяўчына.

Hавiны
У САЗ заявілі пра «новую і небяспечную» фазу пандэміі
2020.06.20 10:30

Цяпер, паводле словаў Алены, шанцаў на тое, каб вылецець з Баку практычна няма. Тым больш патрапіць у Польшчу з Азербайджана фактычна немагчыма. Дзяўчына звярталася і ў грузінскую амбасаду, але, з яе словаў, там таксама адмовіліся дапамагчы.

«Мне пашанцавала, што ў мяне з’явіліся добрыя знаёмыя, якія дапамагаюць у складанай сітуацыі. Мяне і маю сяброўку падтрымалі актывісты, дапамаглі знайсці жытло. Тым больш, апынулася, што не толькі я засталася заблакаванай у чужой краіне. Такіх людзей даволі шмат, але іх не пакінулі сам-насам з сваёй праблемай. Цяпер неабыякавыя людзі абяцаюць дапамагчы патрапіць на рэйс з Турцыі ў Польшчу, які запланаваны на першае ліпеня», – кажа дзяўчына.

Алена Мельнікава.
Фота: facebook

Алена прызнае, што, магчыма, сама вінаватая ў тым, што апынулася ў такой сітуацыі. Дзяўчына да апошняга моманту спадзявалася, што распаўсюд каронавірусу не будзе такім моцным, а абмежавальныя захады не будуць такімі працяглымі. Сваім домам дзяўчына лічыць Польшчу, мае від на жыхарства, якую цяпер трэба памяняць.

«Мушу цяпер зрабіць даведку, што не маю каронавірусу. Гэтая даведка каштуе ў Баку 118 манат (каля 69 долараў ЗША). Тут праўда, сітуацыя з распаўсюдам каронавірусу лепей, чым у Беларусі, нашмат менш інфікаваных. У краіне ўводзілі жорсткі каранцін, зачынілі крамы, аптэкі, забаранілі выхад з кватэраў, нельга было перамяшчацца на ўласным транспарце. Але людзі вельмі негатыўна ўспрымаюць гэтыя абмежаванні. Можна зразумець, што не кожны мае нейкія запасы, каб праіснаваць без працы і без заробку», – адзначае Алена.

Паводле звестак універсітэту Джонса Хопкінса ў Азербайджане медыкі выявілі 14 852 выпадкаў заражэння каронавірусам.

Аб’ектыў
Ці ўдалося стрымаць каронавірус?
2020.06.24 22:57

Сяргей Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў