Ці ўдалося стрымаць каронавірус?


У Смалявічах, паводле інфармацыі ад жыхароў, за адзін дзень ад COVID-19 памерлі 2 чалавекі, шпіталь перапоўнены. Афіцыйным жа звесткам аб зніжэнні колькасці захворвання жыхары маюць тлумачэнне.

«Дыягназ COVID-19 не ставяць, ставяць усё што заўгодна: ВРІ, ВРВІ, пнеўманія. Ёсць знаёмыя, у якіх памерлі ад пнеўманіі ў выніку COVID-19… Са станоўчым, але напісалі або пнеўманія, або сэрцавая няздатнасць», – расказвае жыхарка Смалявічаў Алена Смаль.

Гэтыя звесткі Алена ведае ад доктара Смалявіцкага шпіталю. Нашыя крыніцы на ўмовах ананімнасці пацвердзілі інфармацыю, што з сярэдзіны чэрвеня ёсць загад не ставіць дыягназу каронавірус. Пра перамогу над эпідэміяй у шэрагу рэгіёнаў Міністэрства аховы здароўя заяўляла яшчэ ў пачатку месяца.

«Менск ужо прайшоў верхавіну і ідзе на зніжэнне. Менская і Віцебская вобласці прайшлі сапраўды гэтак жа. Гэта значыць фактычна 40–45 % насельніцтва рэспублікі гэты этап прайшлі», – казала намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Афіцыйнай інфармацыі аб смяротнасці ад COVID-19 у Смалявічах за чэрвень няма. На ўмовах ананімнасці мы паразмаўлялі з дачкой аднаго з памерлых тут ад каронавіруснай інфекцыі, яна працуе доктаркай у мясцовай паліклініцы ды інфармацыі аб зніжэнні захворвання пацвердзіць не можа.

«Па колькасці людзей, якія наведваюць паліклініку, гэта відаць. У летні перыяд столькі людзей не можа быць у паліклініцы», – кажа доктарка.

Нараканняў на медычную дапамогу свайму бацьку жанчына не мае, нягледзячы на тое, што не ўсю неабходную дыягностыку правялі ў Смалявічах.

«Я сама доктар, пра мяне дамаўляліся ў абласным шпіталі, праблемаў не было. Калегіяльнасць і ўзаемадапамога паміж лекарамі ёсць», – распавяла жанчына.

Але на наступны дзень пасля размовы і згоды на аўдыязапіс жанчына папрасіла не рабіць рэпартажу. Адкрыта каментаваць адмовіліся і іншыя медычныя працаўнікі. Жыхары ж Смалявічаў наракаюць, што надта складана атрымаць накіраванне на дыягностыку. Узяць афіцыйны каментар у галоўнага доктара не ўдалося. Па адказы ён накіраваў у Міністэрства аховы здароўя, якое статыстыкі аб захворванні па рэгіёнах не паведамляе. Жыхары Смалявічаў расказваюць:

«Ой, вялікая праблема, з сакавіка месяца. Яшчэ вось толькі закрылі бальнічны».

«Дактароў ваджу. Шмат мазкоў бярэш, правяраюцца людзі па некалькі разоў. Усе хварэюць, чаму не хварэюць, хварэюць».

«Я працую на заводзе, і нас пастаянна кантралююць. Але я не ведаю дакладнай колькасці, нам не кажуць».

«Наколькі мне вядома, у шпіталі ўсе корпусы занятыя людзьмі».

Пяціпавярховы корпус Смалявіцкага раённага шпіталю сапраўды аддалі пад інфекцыйнае аддзяленне, медыкі там працуюць у ахоўных касцюмах, уваход для наведнікаў забаронены. Паводле інфармацыі нашых крыніцаў, шмат медыкаў – на бальнічных, у паліклініцы прымаюць фельчары вясковых пунктаў.

Алена Дубовік, «Белсат»