Праваабаронцы: па ўсёй краіне масава затрымліваюць незалежных назіральнікаў


Некаторых нават з АМАПам, паведамляе ініцыятыва «Праваабаронцы за сумленныя выбары».

У Беларусі пачаўся другі дзень датэрміновага галасавання, а разам з ім – новыя парушэнні. Сёння, 5 жніўня, па затрымліваюць незалежных назіральнікаў за тое, што яны нібыта перашкаджаюць працы ўчастковых камісіяў. Геаграфія затрыманняў надзвычай шырокая: ад Віцебску да Смалявічаў.

Участак для галасавання ў берасцейскім ліцэі №1.
Фота: «Белсат»

Затрыманні ў сталіцы

На 64-м выбарчым участку Заводскага раёну Менску была затрыманая назіральніца Іна Дабратвор, яе вязуць у аддзяленне міліцыі на Несцерава.

Яна ажыццяўляла назіранне ў памяшканні школы, бо ўнутр яе не дапусцілі. Дырэктар школы піша заяву на Іну Дабратвор. Што з Інай было на момант публікацыі – невядома.

Таксама на 36-ым участку Маскоўскага раёну затрымалі незалежную назіральніцу Наталлю Манькоўскую. Яе не прапусцілі на ўчастак як назіральніцу, таму яна прадставілася выбаршчыцай і сфатаграфавала пратакол.

Незалежная назіральніца Наталля Манькоўская.
Фота: архіў гераіні

Дзяўчыну заўважылі чальцы камісіі, падыйшлі і пачалі крычаць, што дзяўчына ім замінае. А потым выклікалі АМАП.

«Мяне затрымалі на вуліцы, дзе я была з іншымі назіральнікамі. Падыйшлі некалькі асобаў у цывільным, паказалі службовае пасведчанне. Завезлі ў аддзяленне, апыталі і правялі прафілактычную гутарку, і адпусцілі праз тры гадзіны. Акрэдытацыю не адабралі», – кажа Наталля.

Нягледзячы на затрыманне, заўтра Наталля таксама пойдзе назіраць.

Назіральніку далі 10 содняў

Апроч гэтага стала вядома, што затрыманага 4 жніўня назіральніка ад ініцыятывы «Сумленныя людзі» Івана Дубовіка, затрыманага 4 жніўня на ўчастку для галасавання №52 у Кастрычніцкім раёне Менску, суд пакараў 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Пра гэта «Вясне» паведаміла яго маці.

Берасцейскіх назіральнікаў у першы дзень датэрміновага галасавання адправілі на вуліцу.
Фота: «Белсат»

Суд Кастрычніцкага раёну Менску абвінаваціў яго па арт. 23.4 КаАП у тым, што ён нібыта аказваў супраціўленне супрацоўнікам міліцыі на ўчастку для галасавання. Участковая камісія выклікала на яго міліцыю за тое, што ён ім уручаў лісты «За сумленныя выбары». На ўчастак для разбірання прыехалі адразу чатыры супрацоўніка міліцыі.

Ягоная матуля паведаміла праваабаронцам, што ў працэсе было вельмі шмат грубых памылак.

Затрыманне ў Смілавічах

На ўчастку №20 у г.п. Смілавічы Чэрвенскага раёну затрымалі назіральніка Яраслава Недасекіна. Яго павезлі ў Чэрвеньскі РУУС. Ён быў у спісах назіральнікаў, але старшыня камісіі сказаў яму, што спіс змянілі і ён не можа назіраць. Назіральнік сказаў, што будзе працягваць назіранне, але на яго выклікалі міліцыю.

Хуліганцтва ў Віцебску

Як паведамляе назіральніца з Віцебску Ірына Траццякова, у сярэднюю школу №25 гораду сябры ўчастковай камісіі выклікалі міліцыю. Было затрымана чатыры назіральнікі. На ўчастку №12 былі затрыманыя Андрэй Кешанюк і Галіна Магучая. Да гэтага старшыня камісіі дазволіла назіральнікам знаходзіцца ў калідоры каля ўчастка, аднак дырэктарка школы выказалася супраць такога рашэння. На назіральнікаў складаюць пратаколы па арт. 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства). Андрэя Кешанюка, Галіну Магучую, а таксама яшчэ дваіх назіральнікаў з участкаў №13 і №14 павезлі ў РАУС Першамайскага раёну Віцебску.

Фото: Таня Капитонова / «Белсат»

Ірына Траццякова кажа, што адміністрацыі раёнаў папярэдзілі «гаспадароў» будынкаў, дзе месцяцца выбарчыя ўчасткі: школы і іншыя навучальныя ўстановы, каб у будынках не знаходзіліся староннія людзі. Менавіта таму сябры камісій пачалі выклікаць міліцыю.

Але, як паведамляе Ірына Траццякова, пазней усіх чатырох назіральнікаў адпусцілі з Першамайскага РАУС Віцебску, выбачыўшыся. Сказалі ім, што ў школе знаходзіцца можна, а адміністрацыя школы не мае права выкідаць адтуль назіральнікаў, якія ціха сядзяць каля ўчастка ў калідорчыку.

10 содняў у Бабруйску

Як паведамляе незалежны назіральнік з Бабруйску Сяржук Лацінскі, у 13:30 каля ўчастку №30 Ленінскага раёну г. Бабруйску затрымалі назіральніка Уладзіміра Міхалапа. Ён сядзеў увесь час на вуліцы каля ўваходу, бо на сам участак яго не пускалі. Старшыня камісіі выклікала міліцыю за тое, што нібыта ён замінаў працы камісіі. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыехалі на выклік, забралі Уладзіміра Міхалапа для адбыцця 10-сутачнага адміністрацыйнага арышту, на якія яго асудзілі за ўдзел у ланцугу салідарнасці 19 чэрвеня.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Датэрміновае назіранне ў Беларусі стартавала ад 4 жніўня. Ужо за гэты дзень незалежныя назіральнікі налічылі больш за 2500 парушэнняў. Шмат каго з іх нават не пусцілі на тэрыторыю ўчастку: лічыць яўку прыходзіцца седзячы звонку.

Асноўны дзень выбараў на Беларусі адбудзецца ў гэтую нядзелю 9 жніўня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў