«Права выбару»: на некаторых участках яўка завышаецца больш чым у два разы


Прэс-сакратар кампаніі назірання «Права выбару» Аляксей Янукевіч паведаміў, што на этапе датэрміновага галасавання зафіксавана 490 парушэнняў, на падставе чаго была падрыхтаваная 281 скарга. Пра гэта ён заявіў падчас брыфінгу ў Менску.

Асноўныя парушэнні датычаць завышэння ўзроўню яўкі сябрамі выбарчых камісіяў. Таксама вялікая частка парушэнняў звязаныя з неналежным захаваннем скрыняў. 16 назіральнікаў «Права выбару» былі пазбаўлены акрэдытацыі.

Аляксей Янукевіч паведаміў, што па тых акругах, дзе «Права выбару» ажыццяўляе назіранне, самы значны ўзровень завышэння яўкі зафіксаваны па 33-й акрузе ў Гомлі. Там назіральнікі ацэньваюць яўку ў 12,4 %, а ў афіцыйных пратаколах пазначана зусім іншая лічба – 25,9 %.

«Больш чым у два разы звесткі ў пратаколах перавышаюць рэальную колькасць людзей, якую зафіксавалі назіральнікі», – адзначыў ён.

Самы высокі ўзровень яўкі назіральнікі зафіксавалі ў менскіх Пушкінскай і Коласаўскіх акругах – 21 % і 21,4 %. Там выбарчыя камісіі завысілі лічбы амаль на 9%: у афіцыйных пратаколах пазначана яўка на ўзроўні 29,9 % і 30,1 % адпаведна. Пры гэтым Янукевіч падкрэслівае: звычайна, там, дзе працуюць назіральнікі, улады стараюцца не настолькі значна завышаць яўку, як там, дзе незалежнага назірання няма.

Нагадаем, паводле ЦВК, на выбарах 2019 года ў Беларусі датэрмінова прагаласавала 35, 77 % выбарнікаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў