«Працаўнікі БелАЭС разносяць вірус па дамах». Шпіталізаваныя некалькі чалавек з Лынтупаў

БелАЭС у Астраўцы. Фота: Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь

У гарадскім пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёну выяўленыя новыя выпадкі цяжкага віруснага захворвання. Людзі падазраюць, што гэта каронавірус. Пра гэта Belsat.eu распавёў мясцовы жыхар на ўмовах ананімнасці.

Па словах суразмоўцы, некалькі дзён таму дваіх жыхароў Лынтупаў, якія працуюць на атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, шпіталізавалі з тэмпературай у больніцу ў Паставах. Трэцяму работніку станцыі ў шпіталізацыі адмовілі праз адсутнасць сімптомаў. Цяпер ён знаходзіцца разам з сям’ёй на хатняй ізаляцыі, падкрэслівае ананімная крыніца.

Некалькі тыдняў таму каронавірус быў пацвердзіўся ў жыхара Лынтупаў, які таксама зʼяўляецца працаўніком атамнай станцыі. Ягоны тэст на COVID-19 быў станоўчы, паведаміў Belsat.eu яшчэ адзін мясцовы жыхар.

Інфармацыю пра тое, што жыхары Астраўца, а таксама бліжэйшых населеных пунктаў задзейнічаныя ў работах на БелАЭС, пацвердзіў актывіст Мікалай Уласевіч.

«На атамнай станцыі сапраўды працуюць мясцовыя людзі, але іх не так шмат і ўключаны яны ў малазначныя працэсы. І ўсё ж не хочуць дзяліцца тым, што адбываецца на АЭС, усё пакрытае сакрэтнасцю і страхам», – падкрэслівае ён.

Актывіст цалкам дапускае, што на атамнай станцыі масавыя выпадкі каронавірусных захворванняў, бо цяпер у раёне складаная пандэмічная сітуацыя.

«Адна за адной зачыняюцца школы, хварэюць людзі, у тым ліку медыкі, прычым нават тыя, хто займае кіроўныя пасады. Але цяжка сказаць, як каронавірусная пандэмія адбіваецца на працы станцыі, бо ўлады замоўчваюць рэальную небяспеку і маштабы гэтай зʼявы. А захварэлых работнікаў станцыі кладуць на лячэнне ў Смаргонь. Туды, дарэчы, не так даўно прыязджаў міністр аховы здароўя Каранік», – кажа Мікалай Уласевіч.

У гарадскім пасёлку Свір і вёсцы Камарова, што ў 50-ці кіламетрах ад Астраўца і 18-ці кіламетрах ад Лынтупаў, зафіксаваныя смяротныя выпадкі. У сярэдзіне траўня тут памерлі супрацоўнікі Свірскага псіханеўралагічнага дому-інтэрнату.

Як зазначае ананімная крыніца, акурат у Камарова пражываюць прыезджыя супрацоўнікі БелАЭС, якія адбываюць на абʼекце вахту.

БелАЭС. Фота – minenergo.gov.by

Для Лынтупаў гэта не першыя выпадкі цяжкіх вірусных захворванняў. У сакавіку ў гарадскі пасёлак пачалі вяртацца дальнабойнікі, якія працуюць у Еўропе. Праз пару тыдняў з цяжкою пнеўманіяй быў шпіталізаваны бацька аднаго з іх. Аднак мясцовыя людзі не бяруцца звязваць адно з адным, бо захварэлы мужчына працуе кіроўцам на лынтупскай хуткай дапамозе, дзе мог мець кантакты з хворымі на COVID-19.

«Самыя свядомыя [дальнабойнікі, – дадатак аўтара] звярнуліся ў медычныя ўстановы, каб іх праверылі. Але адтуль людзей накіравалі дадому на каранцін. Санстанцыя разам з міліцыянтамі пільна адсочвала, ці прытрымліваюцца людзі самаізаляцыі. Гэтак аднаму з іх далі буйны штраф за тое, што ён ездзіў па пасёлку на матацыкле», – кажа мясцовы жыхар.

У цэлым жа цяпер, падкрэслівае суразмоўца, сітуацыя выглядае больш станоўча, чым у сакавіку, бо людзі змянілі сваё стаўленне да эпідэміі: трымаюць дыстанцыю, карыстаюцца маскамі, у крамах і іншых установах, дзе збіраюцца людзі, ёсць антысептычныя сродкі для апрацоўвання рук.

Аднак тое, што з боку ўладаў утойваецца рэальная сітуацыя на БелАЭС, непакоіць мясцовага жыхара. На яго думку, адсутнасць інфармацыі спрыяе распаўсюду віруснай інфекцыі. Непакоіць гэта і актывіста Мікалая Уласевіча, які ўпэўнены, што нягледзячы на ўсе праблемы, недаробкі і эпідэмію беларускія ўлады не будуць адкладаць пачатак работы БелАЭС.

Хрысціна Чарняўская Belsat.eu

Hавiны