Пратэстоўцы ва Украіне заблакавалі мяжу з Беларуссю


Ва Украіне аўтааматары працягваюць акцыі пратэсту. Мітынгоўцы блакуюць рух транспарту на галоўных дарогах у розных абласцях краіны. Пратэст закрануў Беларусь і кіроўцаў з нашай краіны.

Паводле дзяржаўнага мытнага камітэту ў пункце пропуску «Новыя Ярылавічы» Чарнігаўскай мытні грамадзянамі Украіны заблакаваная дарога, у сувязі з чым замарудзілася мытнае афармленне транспартных сродкаў і на беларускім пункце пропуску «Новая Гута».

Сайт abw.by паведамляе, што каля мяжы з беларускага боку сабралася каля двухсот грузавікоў, з украінскага боку чарга з фур расцягнулася кіламетры на два да вёскі Новыя Ярылавічы, на нейтральнай тэрыторыі аўтамабіляў ад шлагбаума да шлагбаума. Пры гэтым, паведамляюць відавочцы, пратэстоўцы паводзяць сябе так, нібыта яны выбраліся на пікнік. На месцы з’яўляюцца палаткі, сцягі, людзі гатуюць ежу проста на паветры.

Пратэстоўцы, ці «еўрабляхеры», заблакавалі ва Украіне дзясяткі дарог. Аўтаўладальнікі патрабуюць адмены прынятага 8 лістападу закону, які вызначае ільготны тэрмін размытнення аўтамабіляў і ўзмацняе адказнасць за выкарыстанне аўтамабіляў на еўранумарах.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў