Намеснік міністра ўнутраных спраў Балівіі Радольфа Ільянес забіты пратэстоўцамі-шахцёрамі, якія захапілі яго ў закладнікі, заявіў міністр унутраных спраў Балівіі Карлас Рамэра. Ільянес быў захоплены, калі адправіўся да шахцёраў на перамовы.
«Усё ўказвае на тое, што намеснік міністра Радольфа Ільянес быў баязліва і жорстка забіты», – заявіў кіраўнік міністэрства Карлас Рамэра на прэс-канферэнцыі.
Пра смерць чыноўніка заявіў таксама міністр абароны Реймі Фэрэра, які ўдакладніў, што Ільянеса збілі да смерці.
Ужо будучы закладнікам, Ільянес даў інтэрвʼю мясцовай радыёстанцыі, у якім сказаў, што ў абмен на ягонае вызваленне шахцёры патрабуюць згоды ўраду на змяненне працоўнага заканадаўства і пачатак перамоваў.
56-гадовага чыноўніка ўзялі ў палон у горадзе Пандура, які знаходзіцца ў 160 км ад фактычнай сталіцы краіны – гораду Ля-Пас (фармальная сталіца – Сукрэ).
Ён адправіўся туды, каб пераканаць шахцёраў вызваліць заблакаваную аўтамагістраль.
Акцыі пратэсту шахцёраў працягваюцца ў Балівіі ўжо два тыдні. Некалькі разоў даходзіла да сутычак з паліцыяй, падчас якіх былі забітыя двое пратэстоўцаў і параненыя 17 паліцыянтаў.
Шахцёры патрабуюць павышэння заробкаў і паляпшэння ўмоваў працы і абвінавачваюць прэзідэнта краіны Эва Маралеса ў правядзенні эканамічнага курсу, які вядзе да збяднення.
МЯ, паводле bbc.com