У Менску неўзабаве адкрыецца крама «Бядронка», але да польскай буйной сеткі «Biedronka» беларуская ўстанова не мае ніякага дачынення.
Цяпер у краме ідзе касметычны рамонт, туды нікога не пускаюць. Карэспандэнтаў belsat.eu на ганку сустракае мужчына сярэдніх гадоў, ён адмаўляецца прадставіцца і просіць пакінуць яго ў спакоі:
– Гэта мая назва, як хачу, так і называю краму. Мне афіцыйна ўзгаднілі назву, усё, «до відзэння» [да пабачэння па-польску, – belsat.eu], – кажа ён. Калі афіцыйна адкрыецца крама, мужчына не ўдакладніў, сказаўшы толькі «не заўтра і не паслязаўтра, але хутка».
Польская гандлёвая марка «Biedronka» не дзейнічае на тэрыторыі Беларусі: пра гэта сведчаць базы дадзеных Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, а таксама сайт Белдзяржпатенту.
«Калі польская гандлёвая марка не дзейнічае на тэрыторыі Беларусі, то ўласнік менскай крамы можа яе так называць. А калі дзейнічае, то ён можа канешне таксама выкарыстоўваць гэтую назву, але да таго моманту, як праваўладальнік не прад’явіць прэтэнзій», – каментуе юрыст Аляксандр Жук.
«Biedronka» – сетка крамаў, вядомая ў тым ліку сярод беларусаў, якія ездзяць «на закупы» у Польшчу.
Цікава, што дамен «biedronka.by» зарэгістраваны польскім індывідуальным прадпрымальнікам Сільвестрам Домітшам з падляскае Ломжы. «Белсату» не ўдалося з ім звязацца – пазначаны кантактны нумар не дасяжны.
На наш запыт у «Biedronka» аб спробах зарэгістраваць такі гандлёвы знак у Беларусі ўладальнікі сеткі – партугальскае прадпрыемства «Jeronimo Martins» – паабяцалі адказаць у панядзелак.
Наста Кахановіч, ДД belsat.eu