Прадпрымальнікам адмовілі ў арэндзе памяшкання для правядзення форуму


Рэспубліканскаму грамадскаму абʼяднанню (РГА) «Перспектыва» адмоўлена ў памяшканні для правядзення чарговага форуму прадпрымальнікаў 25 студзеня, паведаміў БелПАН старшыня РГА Анатоль Шумчанка.

Паводле кіраўніка «Перспектывы», 16 студзеня арганізацыя падпісала дамову з галоўным гаспадарчым упраўленнем Упраўлення справамі прэзідэнта аб арэндзе залі Міністэрства эканомікі ў Менску (арэнду аплацілі).

19 студзеня стала вядома пра адмову ў арэндзе ў звязку з тым, што 25 студзеня ў залі плануецца правядзенне калегіі міністэрстваў «з удзелам першых асобаў».

Зала, у якой павінен быў адбыцца чарговы прадпрымальніцкі форум, разлічана на 438 месцаў. Раней «Перспектыва» праводзіла свае мерапрыемствы ў залі гасцініцы «Беларусь», але на папярэднюю сустрэчу 11 студзеня, паводле ацэнак арганізатараў, сабралася каля 1500 прадстаўнікоў малога бізнесу. Паводле Шумчанкі, гэта выклікала незадаволенасць адміністрацыі гасцініцы, і цяпер там згодныя на мерапрыемствы «Перспектывы», калі колькасць удзельнікаў не перавысіць 250 асобаў.

Абʼяднанне шукае ў Менску новае памяшканне для правядзення форуму 25 студзеня.

На папярэднім форуме прадпрымальнікаў яго ўдзельнікі вырашылі не выходзіць на працу ў звязку з указам кіраўніка Беларусі № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі ды іншымі фізічнымі асобамі».

«Ім трэба разумець, што сертыфікацыя прадукцыі, на якую мы пайшлі, – гэта першы крок. Ёсць тавар – усё суправаджальныя дакументы павінны быць. Мы павінны празрыста гандляваць, і хопіць вакол гэтага строіць хітрыкі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на крытыку ў свой бок.

Глядзіце таксама >>> «Мы ўсе саромеемся сказаць, што нас рабуюць»

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў