Пра што гавораць на форуме ў Давосе. Галоўнае


У гэтыя дні ў швейцарскім Давосе праходзіць Сусветны эканамічны форум. Сёлета яго тэма – «Глабалізацыя 4.0: фармаванне глабальнай архітэктуры ў эпоху чацвёртай прамысловай рэвалюцыі». Belsat.eu сабраў галоўнае, пра што ўжо паспелі распавесці ўдзельнікі.

На форум у Давосе, які праводзіцца ў 49-ы раз, сабраліся больш за тры тысячы спікераў са 110 краін свету. Гэта найбольш уплывовыя фігуры сусветнай палітыкі і эканомікі, прадстаўнікі такіх міжнародных арганізацыяў як ААН (і яе падраздзяленні), НАТО, МВФ. Удзел у форуме таксама прымаюць кіраўнікі ўрадаў Нямеччыны і Аўстрыі, Японіі, Італіі і Іспаніі. Першых асобаў Беларусі на яго не запрасілі: нашую краіну прадстаўляе мэнеджэрка праектаў Людміла Батура з «Global Shapers Minsk Hub». Падрабязней пра яе можна прычытаць у папярэднім матэрыяле belsat.eu

Hавiны
На сусветным эканамічным форуме ў Давосе, упершыню за 20 год, Беларусь рэпрэзентуе жанчына
2019.01.20 09:53

Прэзідэнт Давоскага форуму Бёрге Брэндэ ў каментары Deutsche Welle адзначыў, што гандлёвыя канфлікты нарастаюць, кліматычныя і экалагічныя праблемы застаюцца нявырашанымі, а дыгіталізацыя цягне за сабой рэвалюцыйныя пераўтварэнні ў найбліжэйшай будучыні.

«Кожная з гэтых тэм паасобку – сур’ёзны выклік. У сукупнасці яны ўяўляюць задачу настолькі вялізнага маштабу, што вырашыць яе можна толькі сумеснымі намаганнямі», – заўважыў Брэндэ.

Сёлета форум у Давосе сутыкнуўся з крытыкай з боку Greenpeace: экалагічныя актывісты мяркуюць, што акцэнты расстаўленыя неактуальна. На думку старшыні арганізацыі Джэніфэр Морган, галоўнай тэмай форуму павінны былі стаць праблемы клімату, а не глабалізацыі і прамысловай рэвалюцыі.

Заснавальнік СЭФ у Давосе – Клаус Шваб. Фота Reuters

Кіраўнік МВФ Крысцін Лагард, выступаючы перад адкрыццём форуму, паведаміла, што Фонд пагоршыў прагноз сусветнага эканамічнага росту ў гэтым і наступных гадах. Прычына – рызыкі, якія ўзмацняюцца ў Еўропе праз Brexit, запаволенне росту Кітая.

Паводле прагнозу МВФ, у гэтым годзе сусветны ВУП дадасць 3,5%, у наступным – 3,6%.

Прыярытэтным пытаннем для ўкраінскай дэлегацыі ў Давосе з’яўляецца сітуацыя ў Керчанскай пратоцы, вайна на Данбасе, а таксама вызваленне ўкраінскіх маракоў з расейскай турмы.

«Я хачу паказаць удзельнікам, што сёння Расея парушыла ўсё, што магчыма, і будзе толькі падвышаць стаўкі», – заявіў міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін.

Праблеме забеспячэння насельніцтва доступам да электраэнергіі прысвяціў сваю прамову выканаўчы дырэктар Міжнароднага энергетычнага агенцтва Фаціх Біроль. Паводле яго, на Зямлі 1 мільярд чалавек не маюць такога доступу, большасць з іх – жыхары Афрыкі. Пры гэтым ён адзначыў, што пры будаўніцтве электрастанцыяў варта дбаць і пра кліматычныя змены, на якія моцна ўплываюць станцыі, што працуюць на вугалі.

Кіраўнік Бразіліі Жаір Балсанару звярнуў увагу на неабходнасць павышэння пенсійнага ўзросту для жыхароў ягонай краіны і паабяцаў спрыяць адкрытасці эканомікі і стварыць больш камфортныя ўмовы для вядзення бізнесу. Раней Балсанару вінавацілі ў расізме і сексізме, аднак на пляцоўцы ў Давосе бразільскі прэзідэнт выступіў адным з першых.

Намеснік старшыні КНР Ван Цішань гаварыў пра абʼёмы кітайскага экспарту: па выніках года яны не занадта ўражваюць, адзначыў палітык. Разам з тым, ён запэўніў, што эканамічная сістэма краіны вельмі гнуткая і імгненна рэагуе на новыя дадзеныя.

У кулуарах форуму. Фота Reuters

Міжнародную ўвагу прыцягнула не столькі прысутнасць топавых фігураў асобаў у Давосе, колькі адмова ад удзелу трох лідараў краін «вялікай сямёркі»: ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі.

Упершыню за гісторыю форума амерыканская дэлегацыя не бярэ ў ім удзелу. Доналд Трамп адмовіўся ад паездкі праз шатдаун, спасылаючыся на «непрымірымасць дэмакратаў у пытанні бяспекі межаў». Трамп спрабуе пераканаць дэмакратаў у Кангрэсе ЗША пагадзіцца на ўключэнне ў бюджэт расходаў па будаўніцтве сцены на амерыкана-мексіканскай мяжы і патрабуе вылучыць на гэтыя мэты 5,7 мільярда долараў. Праз рознагалоссі праца ўраду ЗША аказалася часткова заблакаваная.

Прэмʼер Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй таксама адмовілася ад удзелу ў Давоскім форуме, каб сфакусавацца на пытаннях, звязаных з Brexit. Не прыехаў у Швейцарыю і французскі лідар Эмануэль Макрон – яму перашкодзілі пратэсты «жоўтых камізэлек», якія цягнуцца некалькі месяцаў.

Раней на форум у Давосе любіў прыязджаць і Уладзімір Пуцін. Аднак сёлета Расею павінен быў прадстаўляць алігарх Алег Дзерыпаска, вядомы скандальнай гісторыяй з Насцяй Рыбкай. Арганізатары форума не хацелі пускаць яго, а Расея за гэта пагражала байкотам. У апошні момант Дзерыпаска сам перадумаў туды ехаць. Сёння стала вядома, што і міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак скасаваў свой візіт у Давос.

ВІДЭА
Турма для Рыбкі на замову Дзерыпаскі. Галоўнае
2019.01.22 10:48

Сусветны эканамічны форум у Давосе працягнецца да 25 студзеня.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў