«Тут дзеці чытаюць, як алені страйкуюць, каб не вазіць Дзеда Мароза». Беларускі з Францыі – пра пратэст «жоўтых камізэлек»


Заўтра «жоўтыя камізэлькі» працягнуць антыўрадавыя пратэсты па ўсёй Францыі. Мы папрасілі трох нарадзінак Беларусі распавесці, што яны мяркуюць пра сітуацыю ў краіне, дзе ўжо месяц адбываюцца антыўрадавыя пратэсты.

Масавыя дэманстрацыі супраць падаражэння паліва (сёлета кошты выраслі на 20 %, налета павінныя былі вырасці яшчэ) адбываюцца па ўсёй Францыі з 17 лістапада. Пасля абяцання ўладаў не падымаць кошты пратэстоўцы, аднак, не спынілі акцыі. Цяпер яны дамагаюцца падвышэння заробкаў і адстаўкі ўраду і прэзідэнта. Некаторыя пратэстоўцы падчас акцыяў падпальваюць аўты, разбіваюць вітрыны і рабуюць крамы. У мінулую суботу для забеспячэння парадку дзяржава мабілізавала 90 тысячаў паліцыянтаў. Нягледзячы на просьбы не дадаваць працы праваахоўнікам пасля тэракту ў Страсбуры, «жоўтыя камізэлькі» выйдуць на вуліцы ўжо пятыя выходныя запар.

11 снежня 2018 года. Мужчына ў жоўтай камізэльцы з французскім сцягам на мосце каля лётнішча гораду Нант. Фота – Stephane Mahe/Reuters/Forum

Маргарыта Рароўская

Спецыялістка ў галіне культуры, Марсэль

У Францыі ёсць два віды пратэстаў: камфортныя для дзяржавы пратэсты (за правы жанчын, за клімат і гэтак далей) і тыя, якія яна не прымае.

Калі пачыналіся пратэсты «жоўтых камізэлек», ім дазволілі правесці дэманстрацыю ў суботу, ім выдзелілі паліцэйскую ахову. Але людзі хутка расчараваліся ў гэтых дазволеных пратэстах, бо яны нічога не мяняюць: людзі толькі выплюхваюць незадаволенасць – і ўсё. Калі «жоўтыя камізэлькі» у адну з субот не разышліся, а засталіся таксама на нядзелю, улада сказала: «Добра, у нядзелю ніхто не працуе, заставайцеся». Але яны засталіся таксама ў панядзелак, і ў выніку прыехала паліцыя і прасіла сысці.

У Марсэлі асаблівая сітуацыя. Усё пачалося яшчэ месяцы за два да «жоўтых камізэлек». Тут цяпер адбываецца жорсткая джэнтрыфікацыя, улады перабудоўваюць горад і спрабуюць выгнаць бедных жыхароў і эмігрантаў на ўскраіны. Тут ёсць плошча, дзе жывуць эмігранты і студэнты, днём там збіраюцца людзі, але па вечарох ужо гады тры на ёй перасталі ўключаць святло і, зразумела, там распачаліся цёмныя справы – напрыклад, сталі працаваць наркадылеры.

Два месяцы таму прыехалі рабочыя і пачалі пілаваць дрэвы, каб пасадзіць потым новыя, у двух-трох метрах. Плошчу перагарадзілі бетоннымі сценамі, цяпер туды немагчыма патрапіць. З таго часу мясцовыя пастаянна пратэставалі, а паліцыя ўжывала слезацечны газ.

Праз месяц у горадзе раптам абрынуліся два будынкі, у адным з іх знаходзілася восем чалавек, яны загінулі. Вуліца, на якой стаялі будынкі, вядзе як раз з цэнтру на тую плошчу ў эмігранцкім раёне.

Людзі ў гэтым раёне стварылі асацыяцыю, каб дапамагаць эвакуяваным і знайсці вінаватых. 23 гады таму дзяржава вылучыла на рэканструкцыю аварыйных дамоў 20 мільёнаў еўраў, але выдаткавала з іх нуль. Пасля гэтага распачаўся новы пратэст, які злучыўся з пратэстам абаронцаў плошчы. У выніку людзі пачалі патрабаваць адстаўкі мэра, які кіруе горадам ужо 23 гады.

У Марсэлі гэтымі днямі адбываюцца таксама дэманстрацыі школьнікаў, якія пратэстуюць супраць планаў французскага ўраду па рэформе адукацыі. 14 снежня 2018 года. Фота – Jean-Paul Pelissier/Reuters/Forum

Гэтыя пратэсты мясцовыя ўлады не прынялі – ужо ў першы ж дзень паліцыя ўжыла газ. Каб атрымаць ад паліцыянта газавую гранату, цяпер не абавязкова кідаць у яго камень – дастаткова проста падысці да яго. На перадапошнім акцыі ўдзельнікі ўзарвалі дзве петарды – і паліцыя адразу стала атакавала пратэстоўцаў газам.

Паліцыянты сталі дзейнічаць радыкальна. Апранутыя ў цывільнае, яны высочваюць людзей ну вуліцах і б’юць іх металічнымі складанымі палкамі, якія яны трымаюць у кішэнях.

Агрэсіўныя ўдзельнікі пратэсту атрымліваюць цяпер па 2–4 месяцы зняволення. Некаторых адпускаюць, але апранаюць на нагу бранзалет, які дазваляе сачыць тваё месцазнаходжанне. Адной дзяўчынцы надзелі ўчора бранзалет на 6 месяцаў.

Калі былі пратэсты на плошчы, людзей забіралі на 24–48 гадзінаў, некаторым далі штрафы каля 40-60 еўра, але большасць усё ж такі проста адпусцілі.

А потым распачаліся пратэсты «жоўтых камізэлек». Іх тыповы партрэт – француз ці францужанка гадоў 40, сярэдні клас, з маленькага гораду.

Усе гэтыя выступы праходзілі па суботах: з раніцы «жоўтыя камізэлькі», удзень – людзей з эвакуяваных дамоў. Але «жоўтыя камізэлькі» пачалі наведваць і іншыя пратэсты – і ў выніку ўсё змяшалася, і ўсе атрымлівалі слезацечны газ і гумовыя кулі.

8 снежня 2018 года. Пратэст «жоўтых камізэлек» у горадзе Вентымілья на французска-італьянскай мяжы. Фота – Laurent Carre/MAXPPP/Forum

Я таксама тут пратэстую: абараняю плошчу, бо яна каля майго дома. Усё лета там былі канцэрты, я сустракалася там з сябрамі, мяне гэтая рэканструкцыя закранула асабіста.

Патрабаванні ж «камізэлек» мне не блізкія, я іх не вельмі разумею. Агулам мне здаецца, гэта людзі, якія клапоцяцца толькі пра сябе. Яны ніколі не выходзілі на вуліцу, але як толькі справа закранула іх кішэні, то выйшлі.

Неяк мы ехалі на машыне і нас спынілі, каб спраўдзіць жоўтую камізэльку. Яны лічаць, што нельга быць нейтральнымі – маўляў, «калі вы не з намі, то вы супраць нас». Камізэлька ў нас была аранжавая. Яны не знайшлі што адказаць – і мы праехалі.

Вікторыя Анжэ

Сямейны фатограф, Парыж

Усё, што рабілі «жоўтыя камізэлькі» – ламалі вітрыны і гэтак далей – нікому не падабаецца. Людзі не маглі зрабіць пакупкі – былі закрытыя ўсё крамы, многія кавярні. Для Францыі гэта катастрофа, бо засталося некалькі тыдняў да Калядаў. У гэты час вуліцы звычайна перапоўненыя – цяпер ж, аднак, усе вымушаныя сядзець па дамох або па гатэльных пакоях. На мінулых выходных Парыж быў практычна пусты.

2 снежня 2018 года. Паліцыя каля надпісу «Жоўтыя Камізэлькі перамогуць», зробленым на Трыумфальнай арцы. Фота – Benoit Tessier/Reuters/Forum

Звычайным людзям не падабаецца, што нашыя падаткі пойдуць на тое, каб аднавіць тыя страты, які яны нанеслі, калі спальвалі машыны, нішчылі прыпынкі і гэтак далей. Замест таго, каб укласці кудысьці нашыя грошы, дзяржава выдаткуе іх на аднаўленне.

Пратэставаць – гэта нармальна, пратэстуюць усе, заўсёды, тут гэта ў крыві, людзям не ўсё роўна. Таму грамадства цяпер не супраць пратэсту як такога – ім толькі не падабаецца тое, што яны руйнуюць.

Калі б Макрон не падвысіў кошты, было б лепш – ніхто не хоча, каб бензін даражэў. Уся ідэя з падаражэннем паліва была звязаная са спробай пазбавіцца ад дызеляў, каб людзі перайшлі на больш экалагічныя варыянты. У нас з мужам машына з гібрыдным рухавіком – і есці не так шмат паліва, але падвышэнне ўдарыць па тых, хто атрымлівае мінімальную працу і жыве там, дзе немагчыма карыстацца грамадскім транспартам, ды штодня ездзіць па 50–70 км на працу. Яны лічаць кожную капейку – і такіх людзей шмат.

Саша Губская

Студэнтка, Страсбур

Мне гэтыя пратэсты не замінаюць: яны праходзяць на дарогах, на ўездах і выездах з гарадоў, а я з цэнтру гораду асабліва не рыпаюся. Страсбур вельмі кампактны, кампус і інтэрнат знаходзяцца побач, недалёка ад цэнтру. Закранула мяне гэта аднойчы, у першы дзень, калі я выязджала з гораду з групай людзей, і назад уехаць мы не змаглі – трэба было ехаць у аб’езд і потым дабірацца трамваем.

Французскіх дзяцей вучаць пратэставаць з дзяцінства – ёсць нават кніжкі для дзяцей з сюжэтам, у якім алені страйкуюць пад Новы год, каб па нейкай прычыне не вазіць Дзеда Мароза. Гэта настолькі частка культуры, што зусім не здзіўляе.

У Страсбуры ўсё нашмат спакайней, чымся ў Парыжы. Тут «жоўтыя камізэлькі», у асноўным, смажаць барбекю – і больш нічога. Яны перакрываюць дарогі, але ніякімі пагромамі не займаюцца. Да таго ж, з пачатку пратэстаў прайшло ўжо чатыры тыдні – іх сіла ідзе на спад.

Напіс на дошцы ў аўдыторыі Універсітэту Страсбуру: «Жоўтыя камізэлькі» – «Любім барбекю, не любім Макрона». Фота – Саша Губская

У нашым дэпартаменце цяпер страйкуе не толькі сярэдні клас супраць павышэння падаткаў, але таксама ліцэісты – супраць сацыяльнай несправядлівасці і таго, што іх ніхто не чуе. У іх больш грымучая сумесь – падчас пратэсту яны выходзяць на трамвайныя шляхі, грукаюць у вокны – паводзяць сябе як анархісты, увогуле. Гэта выглядае агрэсіўна, а пасля таго, што здарылася ў Страсбуры – не вельмі адэкватна.

13 снежня 2018 года. Французскія спецназаўцы ахоўваюць тэрыторыю правядзення паліцэйскай аперацыі пасля тэракту ў Страсбуры Фота – Vincent Kessler/Reuters/Forum

Школьнікі аб’ядноўваюцца праз сацыяльныя сеткі, дамагчыся нейкага дыялогу з імі ўладам вельмі складана, яны не ідуць на перамовы, іх пратэст дэцэнтралізаваны, а патрабаванні кепска сфармуляваныя.

З іншага боку, нават пасля таго, як прэзідэнт абвесціў, што падаткі не падвысяць, «жоўтыя камізэлькі» працягваюць пратэставаць. Аднак, ніякага рашэння ніхто не прапануе – тут няма ніводнай палітычнай сілы, якая магла б зрушыць Макрона. Зразумела, што яго абралі як меншае зло, але ніякай цэнтралізаванай, ідэалагічна выбудаванай мабілізацыі, каб да яе далучыцца і весці дэбаты, тут няма.

Праблема мясцовага грамадства, мне здаецца, у тым, што ўзровень талерантнасці да ўсялякага роду маніфестацыі ўзведзены ў абсалют. Праўда, пасля тэракту паліцыя заявіла, што не будзе цяпер трываць падлеткавыя пратэсты і заклікала моладзь спыніцца. Тэрарыста застрэлілі толькі ўчора – гэта значыць, ён два дні хаваўся ў цэнтры гораду. І нягледзячы на ​​гэта школьнікі збіраліся на дэманстрацыю.

Запісаў Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў