«Помсцяць»: паштальёнка тлумачыць, чаму «зліла» адрасы міліцыянтаў. Ёй пагражае да трох гадоў няволі


Паштальёнка Ларыса Танкашкур. Снежань 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

За сваё жыццё спадарыня Ларыса паспела змяніць мноства прафесіяў, а апошнія тры гады працавала паштальёнкай у аддзяленні побач з домам, у мікрараёне Лебядзіны. Праз спецыфіку працы жанчыне даводзілася шмат кантактаваць з жыхарамі раёну. Людзі дзяліліся праблемамі, думкамі наконт таго, што адбываецца ў краіне, гісторыямі. Усе ўсё разумелі.

Мікрараён Лебядзіны пасля выбараў стаў даволі актыўны. Жыхары пастаянна збіраліся, ладзілі вечаровыя імпрэзы, пасябравалі. Але пасля таго, як у адзін з нядзельных маршаў калона пайшла ў бок Драздоў праз Лебядзіны, раён сталі рэгулярна патруляваць асобы ў цывільным і АМАП.

У адзін з такіх вечароў, 29 верасня, суседзі традыцыйна сабраліся ў сваім двары ды сталі каля дарогі. З сабой у іх не было ніякай сімволікі. Аднак неўзабаве да іх прыехаў танаваны мікрааўтобус з людзьмі ў цывільным, якія сталі разганяць людзей, ужываючы сілу і спецсродкі. У выніку былі затрыманыя шэсць асобаў. Калі людзі падышлі да машынаў міліцыі, што стаялі побач, і пацікавіліся, чаму тыя бяздзейнічаюць, у адным аўце апусцілася шкло – адтуль распылілі газ з балончыка. Трапіла і на дзяўчынку 5-6 гадоў, пасля чаго давялося выклікаць хуткую.

Паштальёнка Ларыса Танкашкур. Снежань 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Праз працу выпісваюць «На страже»

Для спадарыні Ларысы менавіта гэты выпадак з дзіцём зрабіўся падставаю адправіць звесткі міліцыянтаў адміністратару дваровага чату – у надзеі, што гэта дапаможа разабрацца ў сітуацыі. Як паштальёнка яна мела доступ да імёнаў і адрасоў міліцыянтаў, якія праз працу мусяць выпісваць газету МУС «На страже». Менавіта гэты спіс з 35 асобаў жанчына і распаўсюдзіла:

«Я гэта зрабіла не праз помсту. Проста хацелася, каб міліцыя выконвала сваю працу, а не глядзела, як збіваюць людзей, ды нічога не рабіла. Думала, што жыхары раёну змогуць пагаварыць з міліцыянтамі, якія жывуць побач, наладзяць дыялог. Вы ж адна сямʼя, у вас дзеці ў адзін клас ходзяць».

Фота: ТК / Белсат

Замест прыватнага разбору звесткі апублікавалі ў чаце. Адна з жанчын, абураная такімі дзеяннямі, зрабіла скрыншот паведамлення і патэлефанавала ў 102.

На наступны ж дзень спадарыню Ларысу затрымалі на працы. Яна адразу зразумела чаму. Сказалі ніякіх рэчаў з сабою не браць: яе толькі дапытаюць і адпусцяць. Але не адпусцілі.

Паштальёнка Ларыса Танкашкур. Снежань 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Першапачаткова жанчыну прывезлі ў будынак Следчага камітэту, у адным з кабінетаў работнік пачаў адразу крычаць, лаяцца: маўляў, «бегаеце з БЧБ-сцягамі». Спадарыня Ларыса рэзка адказала, што нікуды не бегае і што ейная дачка нарадзілася пры гэтым сцягу, пасля чаго ёй загадалі здымаць шнуркі. Верагодна, менавіта праз такі адказ ёй і далі 15 содняў – за нібыта супраціў пры затрыманні:

«Я не выклікала адваката, проста распавяла, як усё было. Што зрабіла гэта праз гвалт над людзьмі, які адбываецца. Сказала, што трэба шукаць нейкае прымірэнне, бо ў той вечар нават мітынгу не было, людзі проста сабраліся ў сябе ў двары».

Паштальёнка Ларыса Танкашкур. Снежань 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Пасля допыту паштальёнку завялі ў іншы кабінет, дзе сказалі здымаць завушніцы, акуляры, шалік. Далі прачытаць складзены акт і сказалі распісацца ў трох месцах.

«Забралі акуляры, я толкам нават нічога не змагла там прачытаць, проста распісалася, дзе сказалі. Разумела, што вязуць у турму за тое, што распаўсюдзіла. Але я ж там магла сабе смяротны прысуд падпісаць і нават не дазналася б пра гэта», – згадвае жанчына.

Спалі на падлозе, на лаўках

Да вечара спадарыню Ларысу вадзілі з кабінета ў кабінет, пасля чаго павезлі ў Цэнтральнае РУУС і пакінулі на ноч за кратамі. У ізалятар яна трапіла толькі пад раніцу.

На наступны дзень пасля затрымання адбыўся суд, падчас якога паштальёнка даведалася, за што яе судзяць: артыкул 23.4 КаАП, нібыта супраціў пры затрыманні. Суддзя Вікторыя Шабуня, якая з 17 снежня – пад санкцыямі ЕЗ, прысудзіла спадарыні Ларысе максімальнае пакаранне – 15 содняў.

За гэты час жанчына пазнаёмілася з баскетбалісткай Аленаю Леўчанкаю, тэатральнаю прадзюсаркай Інаю Кавалёнак і грамадзянкаю Швейцарыі Наталляю Хершэ, асуджанай на два з паловаю гады за зрыў балаклавы з амапаўца – усе яны апынуліся ў адной камеры.

«Калі мяне да іх прывялі, у камеры ўжо не было матрацаў і гарачай вады. Спалі на падлозе, на лаўках. Аднойчы на 20 хвілінаў уключылі гарачую ваду», – згадвае спадарыня Ларыса. У такіх умовах 56-гадовая жанчына правяла 10 дзён, пасля чаго яе перавялі ў іншую камеру, з матрацамі.

Паштальёнка Ларыса Танкашкур. Снежань 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Пра распачатую крымінальную справу спадарыня Ларыса даведалася толькі пасля арышту. За гэты час следчая, якая вядзе справу, звязалася з дачкою жанчыны, якая вельмі здзівілася, што ейная маці цяпер на Акрэсціна. За распаўсюд звестак міліцыянтаў жанчыне выставілі абвінавачанне паводле арт. 179 Крымінальнага кодэксу РБ, максімальнае пакаранне паводле якога – да трох гадоў зняволення. Цяпер спадарыня Ларыса на волі. Найбліжэйшы суд у гэтай справе адбудзецца 29 снежня.

Аднойчы ўвечары, пасля таго, як жанчына ўжо выйшла, невядомыя размалявалі паштовую скрыню і дзверы ейнай кватэры. Тых, хто гэта зрабіў, не знайшлі. Спадарыня Ларыса ўпэўненая, што ёй помсцяць.

АД belsat.eu

Стужка навінаў