Польшчы – 100. Форту Трампа няма, а фартоў Пуціна шмат


Польшча святкуе сотыя ўгодкі аднаўлення незалежнасці, з чым мы іх і віншуем. За 26 гадоў дыпламатычных дачыненняў паміж нашымі краінамі здаралася рознае, але гэты святочны год (не забывайма і пра стагоддзе БНР), абедзве краіны могуць лічыць не самым кепскім. Ці нясмелае партнёрства Варшавы і Менску сапсуецца ў апошнія дні года?

Польскія аналітыкі і публіцысты цэлы год разважалі, з якім багажом іхная краіна сустрэне сто гадоў аднаўлення дзяржаўнасці. На думку экспертаў, галоўная задача Польшчы ўнутры краіны – паляпшэнне жыцця ўсіх грамадзянаў незалежна ад паходжання і веры. Парадаксальна, але замежныя задачы ўраду – амаль ідэнтычныя.

«Гэта задаволеныя жыццём суседзі, аптымістычныя, з пачуццём таго, што яны могуць уплываць на паляпшэнне ўмоваў жыцця сваіх краінаў», – кажа дырэктар Польскага інстытуту міжнародных справаў Славомір Дэмбскі.

Палякамі кіруе не альтруізм, а прагматызм: дабрабыт бліжэйшых краінаў – страхоўка любой дзяржавы ад палітычных, гаспадарчых і вайсковых праблемаў. Суседская хата, якая гарыць, можа спаліць тваю.

Адной з умоваў дасягненняў сваіх мэтаў Польшча называе бяспеку ўласнае дзяржавы – і актыўна працуе ў гэтым напрамку. Невыпадкова, што імпрэзы з нагоды 11 лістапада супалі з найбуйнейшымі за сёлета вучэннямі польскага войска. Манеўры «Анаконда», якія палякі ладзяць з 2006-га, упершыню праходзяць і за мяжой. Цягам наступных двух тыдняў агнявыя і тактычныя задачы польскія жаўнеры будуць вырашаць з хаўруснікамі з NATO на палігонах Літвы, Латвіі і Эстоніі.

«Там цяпер узброеныя сілы Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Злучаных Штатаў, Канады і польскі кампанент. Такая прысутнасць патрабуе спраўджання таго, як гэтыя сілы будуць сябе весці ў выпадку канфлікту», – адзначае Павэл Флейшэр з Інстытуту прагнозаў і міжнародных даследаванняў (Варшава).

З найбольш імаверных канфліктаў у нашым рэгіёне – сутыкненне Расеі з Захадам. Калі такая вайна раптам адбудзецца, месцам баявых дзеянняў стануць якраз краіны Балтыі, Польшча і Беларусь.

Некалькі дзён таму Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з былым камандуючым сухапутнымі сіламі ЗША ў Еўропе Бэнам Годжэзам, які прыехаў з дэлегацыяй амерыканскіх экспертаў. Кіраўнік Беларусі спачатку супакоіў гасцей, што расейскай базы ў нас не будзе…

«Мы не размяшчаем яе таму, што яна тут не патрэбная», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

…а потым памахаў перад ім кулаком.

«Калі NATO будзе працягваць нас запужваць размяшчэннем базы кшталту Форту Трампа ў Польшчы або яшчэ нечым, нам будзе патрэбная больш эфектыўная зброя. Перадусім ракетная», – прыгразіў Лукашэнка.

Такія пагрозы могуць толькі рассмяшыць амерыканцаў, але словы Лукашэнкі скіраваныя, хутчэй, да расейцаў і палякаў: гэткая лаяльнасць да ўсходняга суседа ды напамін заходняму, што ў выпадку вайны ракеты будуць падаць па абодвух баках Бугу.

Міністр замежных справаў Польшчы ўжо запэўніў Лукашэнку, што Форт Трампа – магчымая амерыканская база ў Польшчы – не скіраваная супраць Беларусі: гэта адказ на агрэсію Расеі супраць Украіны. Агрэсію, якая, зрэшты, зблізіла беларусаў з еўрапейцамі агулам і палякамі ў прыватнасці, нягледзячы на тое, што апошнія не бралі ўдзелу ў Менскіх дамоўленасцях.

«Польшча ў гэтым працэсе была вялікім адвакатам Беларусі, гучна выказвалася за скасаванне санкцыяў і вяртанне да размоваў з Беларуссю. З тае пары адносіны не ідэальныя, але даволі інтэнсіўныя і вельмі тэхнічныя», – кажа кіраўніца праграмы «Усходняя Еўропа» Анна Мар’я Дынэр.

Зараз гэтае асцярожнае і далікатнае партнёрства можа разбурыць не пытанне Саюзу палякаў у Беларусі або закрыццё польскіх школаў на Гарадзеншчыне, а пытанне вайсковай базы імя цяперашняга амерыканскага прэзідэнта. У Варшаве расейскую небяспеку ўспрымаюць сур’ёзна.

«Мы маем дачыненне з фортам Пуціна ў Калінінградзе, фортам Пуціна ў Беларусі, а перадусім – з фортам Пуціна ў Крыме, на Данбасе, у Сірыі і, напэўна, у Лівіі. Мы маем дачыненне з агрэсіўнаю дзяржавай, якая імкнецца рэалізоўваць свае ўласныя мэты ў замежнай палітыцы з дапамогаю сілы», – падкрэслівае Славомір Дэмбскі.

І калі дэмакраты, якія на прамежкавых выбарах, атрымалі бальшыню ў Кангрэсе, не будуць замінаць Трампу, у Менску і Варшавы ёсць вялікія шанцы вярнуцца да такой звычайнай для іх «халоднай нармальнасці».

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Стужка навінаў