Пляменнік Пракаповіча плаціць заробкі раз на 3 месяцы


Берасцейскае прадпрыемства «Белспецэлектрамантаж», якое займаецца асвятленнем вуліцаў і электрычнасцю, некалькі месяцаў практычна не выплачвае заробкі.

«Апошні раз нам заплацілі 28 лютага Br 137. У студзені ўсяго Br 100. Як можна пражыць за гэтыя грошы?», – кажа працаўнік прадпрыемства.

Упершыню праблемы з заробкамі на прадпрыемстве зʼявіліся больш як год таму. Але тады гаворка ішла пра нязначныя затрыманні. Цяпер жа выканаўчы дырэктар Сяргей Пракаповіч, пляменнік двойчы героя Беларусі, аўтара дэвальвацыі 2011 года, Пятра Пракаповіча, нявыплату заробкаў тлумачыць скарачэннем абʼёму вытворчасці.

«Заробак налічваюць людзям, але выплаціць яго не было магчымасці, бо дэбіторы, якія ў нас былі, да гэтага часу не разлічыліся. Атрымліваецца толькі падаткі спісаць з іхных запазычанасцяў. Рэальных грошаў атрымаць на рахунак не атрымліваецца. Аддзел прымусовага выканання арыштаваў нашыя рахункі», – кажа дырэктар прадпрыемства Сяргей Пракаповіч.

А рахункі арыштавалі з прычыны крэдыторскай запазычанасці. Вось такое замкнёнае кола. Але адказным за сітуацыю працаўнікі прадпрыемства лічаць акурат не выканаўчага, а генеральнага дырэктара «БаранавічыГазБуду» Уладзіслава Раманоўскага, які заняў гэтую пасаду напрыканцы мінулага года.

«Ён набыў 100% акцыяў. Яму не выгадна цяпер рабіць рэарганізацыю, бо гэтыя даўгі павіснуць на ягонай арганізацыі і на ягоныя рахункі накладуць арышт», – мяркуе працаўнік «Белспецэлектрамантаж» Яўген Собалеў.

З гэтай жа прычыны працаўнікоў не пускаюць у адпачынкі, маўляў, чым плаціць адпускныя? Ды і звольніць працаўніка няпроста. Чым разлічыцца? Кіраўніцтва абяцае пагасіць запазычанасць перад людзьмі, калі зʼявіцца праца.

Такія абяцанні працаўнікі чуюць ледзь не штодня. Але апрача планаў, як пачаць выплочваць заробкі, ў кіраўніцтва «Белспецэлектрамантажу» ёсць і іншыя задачы: як юрыдычна абгрунтаваць запазычанасці ды выкруціцца з сітуацыі?

«Юрыст спасылаецца на арт. 242, у якім гаворыцца, што працаўнік, калі былі парушаныя ягоныя правы і ён цягам трох месяцаў не падаў заяву аб спагнанні заробку, то юрыст звяртаецца ў суд», – распавядае Яўген Собалеў.

«Белсату» юрыст ніякіх каментароў не даў. І ўвогуле ўцёк ад журналістаў.

Як і генеральны дырэктар Раманоўскі. Дарэчы, ён для абураных працаўнікоў мае сваю прапанову: ісці ў адпачынак за ўласны кошт.

Сяргей Пятрухін, «Белсат»

Стужка навінаў