«Плоў з цябе, віно – з нас»: Лукашэнка сабраўся ў госці да ўцёклага Бакіева


Лукашэнка і Бакіеў.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 6 жніўня сустрэўся ў Палацы Незалежнасці з «сваім сябрам і калегам» – былым прэзідэнтам Кыргызстану Курманбекам Бакіевым. Пра гэта паведамляе Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі. Нагодаю для размовы стаўся 70-гадовы юбілей госця, які той адзначыў 1 жніўня.

У гонар юбілею ля кабінету Аляксандра Лукашэнкі былі выстаўленыя дзяржаўныя сцягі Беларусі і Кыргызстану ў выглядзе галаграмы. Кіраўнік Беларусі таксама падарыў Курманбеку Бакіеву карціну «Паляванне качэўнікаў з беркутам», корцік і букет кветак.

«Мы ўсе і прыйдзем да цябе на дзень нараджэння. Ты можаш нам прыгатаваць кіргізскі плоў? Плоў з цябе, віно – з нас!» – сказаў кіраўнік Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка і Курманбек Бакіеў таксама правялі працоўную сустрэчу, абмеркаваўшы некаторыя пытанні.

Аб’ектыў
Раскошнае жыццё дыктатара Курманбека Бакіева ў Беларусі
2017.03.10 21:27

Нагадаем, што Курманбек Бакіеў быў зрынуты ў 2010 годзе і неўзабаве апынуўся з беларускім пашпартам у Менску. У Беларусі ён у дадатак да грамадзянства атрымаў участак у 15 сотак у Драздах, побач з рэзідэнцыяй Лукашэнкі, дзе збудаваў сабе дом коштам у 2 млн долараў (па ацэнках рыелтараў). Пры гэтым, прызнаецца беглы прэзідэнт, «на шыі ў беларускай дзяржавы» ён не сядзіць, падпрацоўвае кансультантам, займаецца дзецьмі і ўнукамі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў