Раскошнае жыццё дыктатара Курманбека Бакіева ў Беларусі


Прыйшоў да ўлады на хвалі цюльпанавай рэвалюцыі, страціў яе праз пяць гадоў падчас рэвалюцыі дыннай. Зрынуты прэзідэнт Кыргызстану, якога гасцінна прыняў кіраўнік Беларусі, у першыя месяцы перабывання ў нашай краіне шмат выступаў, апошнія ж гады да Курманбека Бакіева ўзнікала шмат пытанняў, але ўсе яны заставаліся без адказу. І толькі цяпер беглы прэзідэнт перарваў маўчанне і даў інтэрв’ю радыё «Свабода».

«Я адношуся да той катэгорыі, што менш кажуць, але больш робяць», – зазначыў Бакіеў.

А менавіта гэта – што робіць, дзе жыве і як бавіць час Курманбек Бакіеў, у нашай краіне цікавіць і беларускае, і кіргізскае грамадства.

«Праца такая – у якасці кансультанта. Выкарыстоўваюць мяне тут мае былыя партнёры. Такая праца. Я не моцна загружаны працаю, больш займаюся дзецьмі і ўнукамі, сабой», – распавядае зрынуты прэзідэнт Кыргызстану.

Цяпер збеглы прэзідэнт будуе сабе дом

«Нам выдзелілі ўчастак зямлі 15 сотак … Дразды направа, а гэта налева, непадалёк ад «Менск-Арэны», там ужо пяць гадоў будуем дом, спадзяюся, што ўвесну скончым рамонт і перабяромся», – дзеліцца спадара Бакіеў.

15 сотак самай прэстыжнай зямлі ў беларускай сталіцы, арыгінальны будынак з дэкаратыўным аздабленнем, дадатковыя пабудовы на ўчастку рыелтары ацэньваюць на два мільёны долараў. Што гэта – падарунак уладаў Беларусі або сямейнае гняздо, пабудаванае з адкладзеных на чорны дзень грошай з заробкаў кіргізскага прэзідэнта?

«Я думаю, што Беларусь прыдбала нябеднага чалавека. Але ў асноўным капіталы належаць цяпер Максіму Бакіеву – сыну Курманбека Бакіева. Але трэба дакладна разумець, што ён абагаціўся выключна дзякуючы таму, што ягоны бацька быў прэзідэнтам у Кыргызстане», – патлумачыў эксперт Ігар Віняўскі.

Сын Бакіева цяпер жыве ў Лондане

Максім Бакіеў жыве ў будынку коштам 3.5 млн. фунтаў. Бацька ж са сваёй другою жонкаю і двума дзецьмі не дэманстраваў вялікіх сродкаў, ды ўсе 7 гадоў жыцця ў Беларусі заставаўся пад крылом Лукашэнкі.

«Цяпер у Драздах жывем у рэзідэнцыі, плацім за ўсе камунальныя паслугі, ваду, святло, на шыі ў беларускай дзяржавы не сядзім, за дармаедства таксама не плацім – жонка працуе», – зазначыў Курманбек Бакіеў.

Маладзейшую на 30 гадоў за свайго сужэнца Назгуль Талмушаву прызначылі дырэктарам гатэлю «Менск», што належыць кіраўніку справаў прэзідэнта. Калі муж не мае афіцыйнай працы ды ўвогуле не мусіць працаваць дзеля ўтрымання сямʼі, то навошта гэта рабіць маці двух школьнікаў?

«Яна проста не адчувае сябе ўпэўнена ў Беларусі. Гэта рэжым, які не можа даць стабільнасці на доўгатэрміновую перспектыву. Яна мусіць нешта рабіць, каб пачувацца незалежным чалавекам, каб забяспечыць сябе і сваю сямʼю», – мяркуе Ігар Віняўскі.

Але ці зможа дзе-кольвек і калі-кольвек адчуваць спакой і стабільнасць сямʼя, на главе якой ляжыць адказнасць за стрэлы і забойства блізу сотні пратэстоўцаў?

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Vladimir Nikolsky / Reuters / Forum