Плот на латвійскай мяжы: ад нелегалаў ці праз боязь Расеі ды Беларусі?


На латвійска-беларускай мяжы паўстане плот

Дастаткова цёплыя палітычныя дачыненні паміж урадамі, ды гады плённай эканамічнай супрацы паміж кампаніямі. А паміж жыхарамі Беларусі ды Латвіі, асабліва ў памежнай зоне, стасункі, як сцвярджаюць мясцовыя – вельмі прыязныя і… узаемавыгадныя.

«У нас харчы таннейшыя, таму яны да нас прыязджаюць. Я сама ў краме працую, таму ведаю іх, і кожны дзень іх бачу», – распавядае жыхарка Верхнядзвінску.

Таму як гром сярод яснага неба для жыхароў беларуска-латвійскага памежжа – навіна пра пабудову агароджы з ініцыятывы афіцыйнай Рыгі. Як плануецца, плот вышынёю амаль тры метры, з калючым дротам, адмысловымі сродкамі сігналізацыі ды відэакамерамі паўстане ўжо ў наступным годзе.

«Вельмі дрэнна. Мы не хочам гэтага плоту!» – кажа мясцовая жыхарка.

Іншая адзначае:

«Я працую ў дзяржаўнай сферы, і паколькі мы вельмі добра супрацоўнічаем з Латвіяй, таму мне гэта зусім не зразумела».

Гучыць і такое меркаванне:

«Ну яны адгароджваюцца ад нас, бо баяцца, што мы можа нападзем на іх. Так? Бо яны Расеі баяцца, і можа і нас таксама, беларусаў».

Чытайце таксама >>> Латвія ці Літва – хто каго ў змаганні за беларусаў?

Дарэчы, на мяжы з Расеяй плот ужо будуюць, і першыя кіламетры яго ўведзеныя ў эксплуатацыю. Аднак, як цвердзіць прэмʼер-міністр Латвіі, гэта не агароджа ад Расеі ці Беларусі, а толькі ад нелегальных мігрантаў з Вʼетнаму, Афганістану ды Іраку, якія праз Расею і Беларусь спрабуюць прабіцца ў Еўразвяз.

«Узмацненне вонкавых межаў абʼяднанай Еўропы неабходнае. І гэта не новы Берлінскі мур, а толькі сродак для ўзнаўлення кантролю. Мы мусім ведаць, хто да нас прыходзіць, каб мець магчымасць зарэгістраваць гэтых людзей», – заўважае прэмʼер-міністр Латвіі Марыс Кучынскіс.

Згодна з Памежнай службай Латвіі, пакуль пра велізарную хвалю нелегалаў казаць не выпадае, але плот – гэта спроба папярэдзіць некантраляваную міграцыю. Бо, калі ў 2014-м памежнікі затрымалі 144 нелегалы, то ў 2015-м ужо амаль паўтысячы. А з прычыны пабудовы платоў у Вугоршчыне, Балгарыі ды Грэцыі, кірункі масавай міграцыі могуць пайсці і праз балтыйскія краіны. Тым часам як на некаторых адрэзках латвійскай мяжы няма ніякіх перашкодаў.

«Ёсць такія месцы, на сухапутнай частцы, дзе да мяжы з аднаго боку падыходзіць дарога, з іншага боку – дарога. Альбо свабодна можна пераскочыць нейкую канаву, і ўсё», – адзначыў Марыкс Пэтрушынс з Галоўнай управы памежнай службы Латвіі ў каментары тэлеканалу «RTVI».

Аднак, пры ўсіх запэўніваннях афіцыйнай Рыгі, эксперты нагадваюць, што амаль два гады таму міністр унутраных справаў Латвіі Рыхардс Казлоўскіс сярод прычынаў верагоднага ўзвядзення плоту называў не толькі мігрантаў, але і агрэсію Расеі супраць Украіны. А тое, што Беларусь на Захадзе ўспрымаюць галоўным хаўруснікам Крамля, ні для каго не сакрэт. А значыць, і плот ад нелегалаў можа мець і двайное значэнне.

Юрый Салодкі, belsat.eu

Стужка навінаў