Латвія ці Літва – хто каго ў змаганні за беларусаў?


Латвія заманьвае беларускіх турыстаў.

Амбасада нашае паўночнае суседкі вырашыла раздаць беларусам бясплатныя візы. Рыга адмяняе візавы збор для беларусаў на час калядных святаў і пабудуе плот на мяжы з Беларуссю. Ці ёсць канфлікт у гэткіх пастановах?

Бясплатную візу можна будзе атрымаць з адным істотным «але». У балтыйскую краіну прыйдзецца толькі ляцець і толькі рэйсамі «Air Baltic», да таго ж трэба прадставіць амбасадзе рэзервацыю гатэля мінімум на 2 дні. Слабая спроба канкурэнцыі з літоўскай Вільняй.

«Не думаю, што плынь беларусаў у Літву, «Акропаліс», «Озас», «Панараму», і ў іншыя гандлёвая цэнтры знізіцца. І ў першую чаргу з-за блізкасці. 200 кіламетраў ад Менску – гэта проста, гэта лёгка», – мяркуе Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных адносінаў і палітычных навук (Вільня).

Хаця Латвіі варта сказаць «дзякуй» і за такі калядны падарунак. А вось другая навіна з Рыгі гучыць ужо не так прыязна. Сейм краіны заклаў у бюджэт 2017 года сродкі на пабудову плоту на нашай супольнай мяжы. Ён мае бараніць краіну ад нелегалаў. Падобная канструкцыя паўстае і на латвійска-расейскай мяжы. Беларусам жа варта памятаць, што Латвія адзіная краіна, з якой у нас дзейнічае пагадненне аб малым памежным руху (МПР). У Рызе маюць і новыя планы.

«Будзе такая даволі сурʼёзная праграма з фінансаваннем з боку Еўразвязу, якая дапаможа мадэрнізаваць пункты пераходаў мяжы. Гэта будзе першы крок у бок спрошчанага візавага рэжыму», – кажа Дзяржсакратар Міністэрства замежных справаў Латвіі Андрыйс Пілдзеговічс.

МПР з Латвіяй, у адрозненні ад Польшчы і Літвы, запрацаваў толькі з адной прычыны. Беларусь нічога не губляе на гэтым пагадненні. У 30-цікіламетровай зоне, якая падпадае пад дамову, няма ніводнага беларускага гораду з насельніцтвам хаця б у 10 тыс. асобаў. Для абодвух краінаў гэта, хутчэй, іміджавы праект. Сапраўдныя інтарэсы Менску і Рыгі – у эканамічных сувязях. Летась, Латвія была старшынёю Рады Еўразвяза, у гэты ж перыяд адносіны паміж нашай краінай і еўрапейскай інтэграцыяй значна ацяпліліся.

«З-за санкцыяў, з-за вось гэтай «замарозкі» адносінаў, амаль што на 20 гадоў, былі страчаныя шматлікія магчымасці. Зараз, як нам здаецца, адкрылася такая «фортачка магчымасцяў». Пытанне, наколькі шырока?» – кажа Андрыйс Пілдзеговічс.

Латвія даўно пазірае ў бок беларускага транзіту праз літоўскія порты, кітайска-беларускі «Вялікі камень», і новы шаўковы шлях. Ды і з Менску не раз гучала інфармацыя аб тым, што калі ў Вільні будуць занадта крытыкаваць беларускі палітычны рэжым, або ўстаўляць палкі ў колы Беларускай АЭС, то ў нас, маўляў, ёсць альтэрнатыўныя партнёры.

«Усё роўна, як не глядзець, эканамічна, прынамсі зараз, Беларусі больш выгодна ўсё везці праз літоўскую Клайпеду. Асабліва праз тое, што там былі інвестыцыі і з беларускага боку таксама», – заўважае Віціс Юрконіс.

А таму эканамічныя дачыненні з Латвіяй базуюцца, пакуль, у асноўным на 2 тыс. кампаніяў з беларускім капіталам у Латвіі і 800 – з латвійскім у Беларусі. Брэнд «беларускія тавары» гучыць для латышоў так жа прывабна, як для расейцаў і ўкраінцаў.

«Набываю касметыку, яна зробленая з натуральнай сыравіны, падушкі добрыя, коўдры», – кажа жыхарка Рыгі.

Яшчэ адзін жыхар латвійскай сталіцы дзеліцца сваім досведам:

«Харчовыя тавары набываю вельмі рэдка, бо іх вельмі мала на прылаўках, а некаторыя, напрыклад, крышталь, або тэкстыль, так, набываў. Вельмі, вельмі добрыя!»

Што праўда крызіс, які пануе ў Беларусі, адбіваецца і на гандлі з Латвіяй: пасля доўгага перыяду росту, сёлета, узаемны таваразварот падаў.

Незадаволенасць у Рызе выклікае і ўзрост пратэкцыянісцкіх захадаў з боку Менску.

Відэасюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Глядзіце яе апошняе выданне цалкам:

Стужка навінаў