Рэстарацыя «Лябяжы» напярэдадні адкрыцця патрапіла ў скандальную сітуацыю. PR-дырэктар установы Вікторыя Мароз апублікавала жахлівае фота стравы з дзюбай качкі. Акрамя таго, яна пакінула пад фота з’едлівы каментар пра абаронцаў птушак.
Пост у Instagram піяршчыцы рэстарацыі «Лябяжы» Вікторыі Мароз абурыў карыстальнікаў у інтэрнэце. Піяр-дырэктар апублікавала фота стравы, у якой у адрэзанай дзюбе качкі ляжыць тартар.
«Хто там за птушак перажываў, а… Усіх чакаем, любімыя хэйтары. Пакажы свой злосны каментар у СМІ і атрымай фірмовую страву ў падарунак», – напісала пад фота Вікторыя Мароз.
Гарадскі актывіст Антон Матолька апублікаваў фота піяршчыцы і выказаўся на гэтую тэму. У каментарах пад яго публікацыяй людзі адзначаюць, што «падобна на нейкае сярэднявечча». Праўда, высветлілася, што насамрэч гэтае фота з іншай рэстарацыі ў Капенгагене.
Телеграм-канал «Агідны Кокобай» адрэагаваў на фота наступнай рэплікай:
«Зусім кукуха ад’ехала. Вось гэта ўжо дарэмна», – напісалі аўтары канала.
Комплекс рэстарацыі «Лябяжы» стаў скандальным з самага пачатку яго стварэння. Будаўніцтва комплексу разгарнулася на месцы заказніка ў далікатнай экасістэме побач з жылым комплексам «Алімпік Парк». Эколагі распачалі пратэсты. У выніку Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога будаўніцтва дазволілі ўжо пасля пачатку будаўнічых прац. Комплекс стварыла кампанія «Тапас», якая па звестках беларускіх медыяў, мае непасрэднае дачыненне да Паўла Белага – партнёра Лукашэнкі на хакейных пляцоўках.
Адметна, што Аляксандр Лукашэнка наведваў рэстарацыю 21 снежня летась.
СК belsat.eu