Пілоты «Аэрафлоту» адмаўляюцца выходзіць у рэйсы на «суперджэтах»


«Sukhoi Superjet 100» у Шарамецьева. Фота – Sergei Fadeichev/TASS/Forum

За апошнія суткі «Аэрафлот» адмяніў або перанёс больш за дзясятак рэйсаў. У размове з РБК эксперт па авіяцыйнае бяспецы, былы супрацоўнік міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту Сяргей Кавалёў звязаў гэта з пільнай увагай экіпажу да стану самалёта.

«Пры найменшым падазрэнні экіпаж падае заяўку аб няспраўнасці і адмаўляецца выходзіць у рэйс. Такое ўжо было: пасля катастрофаў высвятляецца, што недахопы на кожным тыпе самалётаў былі – проста экіпаж не паведамляў аб іх або не звяртаў увагі. Калі да катастрофы экіпаж мог праігнараваць некаторыя няспраўнасці, то цяпер правяраецца ўсё, да кожнай дробязі. Ніхто не хоча паўтарыць лёс экіпажц рэйса Масква – Мурманск», – сказаў Кавалёў.

8 траўня «Аэрафлот» адмяніў рэйсы з Растова-на-Дану ў Маскву, а таксама пералёты з Масквы ў Белгарад, Гётэборг і Перм (і назад).

9 траўня не адбудуцца рэйсы ў Арэнбург, Астрахань, Іркуцк, Краснадар, Мінеральныя Воды, Ніжні Ноўгарад, Самару і Саратаў (і назад).

У ночы на сераду на некалькі гадзінаў затрымалі рэйс у Рыгу, а раніцай – у Менск.

«Аэрафлот» не каментуе сітуацыю.

Расшыфраваныя «чорныя скрыні» «суперджэту»

8 траўня стала вядома, што адмыслоўцы скончылі расшыфроўку звестак бартавых самапісцаў згарэлага самалёту. Цяпер яны вывучаюць атрыманую інфармацыю.

Таксама сёння РБК апублікавала фрагмент перамоваў дыспетчараў з экіпажам згарэлага самалёту са словамі, якія раней прынялі за «гарыць ў маланцы».

«Страта радыёсувязі. Самалёт у «дырэкт моўдзе», – гаворыць пілот на апублікаваным аўдыё.

«Direct mode», наўпроставы рэжым – спосаб кіравання самалётам, калі камп’ютар не ўмешваецца ў дзеянні пілота, а за палёт цалкам адказвае чалавек.

  • Авіякатастрофа рэйсу Масква – Мурманск адбылася ў Шарамецьева 5 траўня. Пасля пападання ў самалёт маланкі ў самалёта адбыўся збой электронікі і з«явіліся праблемы з радыёсувяззю. Экіпаж прыняў рашэнне саджаць самалёт з поўнымі паліўнымі бакамі. Пры пасадцы самалёт загарэўся. Паводле звестак на сёння, колькасць ахвяраў – 41 чалавек.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў