Першы за 12 год. Лукашэнка прызначыў амбасадара ў ЗША


Лукашэнка падчас прызначэння амбасадара.
Фота: president.gov.by

Кадравыя перамены закранулі і Міністэрства замежных справаў Беларусі. Самае важнае прызначэнне 20 ліпеня – амбасадар у ЗША, паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.

За акіян паедзе Алег Краўчанка, колішні намеснік міністр замежных справаў. Раней ён 7 год працаваў у беларускай амбасадзе ў ЗША, а на пасадзе намесніка міністра займаўся ўмацаваннем стасункаў з Амерыкай. Прычым, настолькі паспяхова, што расейскае выданне Lenta.ru сцвярджала, што менавіта Краўчанка прапаноўваў правесці вучэнні НАТО ў Беларусі і размясціць у нашай краіне амерыканскіх спецыялістаў кантролю за інтэрнэтам. Гэтыя гіпотэзы не пацвердзіліся.

Беларускага амбасадара ў ЗША не было з 2008 года, як і амерыканскага ў Беларусі.

Hавiны
Часова павераная ў справах ЗША Джэніфер Мур завяршыла працу ў Беларусі
2020.07.18 09:02

Першым намеснікам міністра стаў Аляксандр Гур’янаў, былы амбасадар Беларусі ў Італіі і Мальце. Ён нарадзіўся ў Ленінградскай вобласці, вучыўся на факультэце міжнародных стасункаў БДУ, працаваў у беларускіх амбасадах у ААЭ і Паўднёвай Карэі. Ягоны папярэднік Андрэй Яўдочанка зараз будзе працаваць амбасадарам у Нідэрландах. Дарэчы, Яўдочанка раней прапаноўваў караць беларускіх амбасадараў, якія не выконвалі нормы экспарту тавараў.

Экс-амбасадар у Вялікай Брытаніі і Ірландыі Сяргей Алейнік зараз будзе працаваць намеснікам Уладзіміра Макея. А ягоны папярэднік Андрэй Дапкюнас зараз будзе працаваць амбасадарам у Аўстрыі і Славеніі. Дарэчы, матуля Андрэя Вадзімавіча – унучатая пляменніца Янкі Купалы. Выступаў супраць прыняцця рэзалюцыі, якая асуджала сітуацыю з правамі чалавека ў анексаваным Расеяй Крыму.

Hавiны
Амбасадар ЗША прыедзе ў Беларусь летам
2020.06.03 14:40

З іншых ведамстваў у МЗС перайшлі Павел Уцюпін і Максім Ермаловіч. Уцюпін – былы міністр прамысловасці, зараз будзе працаваць амбасадарам у Казахстане. А былы міністр фінансаў Ермаловіч узначаліць амбасаду ў Вялікай Брытаніі і Ірландыі. Падчас працы ў Мінфіне Ермаловіча лічылі адным з найбольш прагрэсіўных чыноўнікаў, які не баіцца браць на сябе адказнасць. А вось з Лукашэнкам у яго былі канфлікты: ён не ўхваляў дэкрэт аб дармаедах, а кіраўнік краіны не пагадзіўся на рэформы, якія каманда Ермаловіча распрацавала для МВФ.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў