Украіна заклікае Беларусь ігнараваць выбары ў Дзярждуму на Крыме


Украіна заклікае беларускі бок праігнараваць выбары ў Дзярждуму Расеі на тэрыторыі Крыму ды не накіроўваць туды назіральнікаў.

Пра гэта паведаміла журналістам у Менску 26-га жніўня першы віцэ-спікер Вярхоўнай Рады, прадстаўнік Украіны ў гуманітарнай падгрупе трохбаковай кантактнай групы дзеля ўрэгулявання сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны Ірына Герашчанка.

«Хачу звярнуцца да нашых беларускіх калегаў з просьбай устрымацца ад любых спробаў, ад, можа быць, нейкіх настойлівых запрашэнняў Расейскай Федэрацыі ўзяць удзел як назіральнікам у выбарах на акупаваных, анексаваных украінскіх тэрыторыях», – сказала Герашчанка.

«Мы ведаем, што ў верасні ў Расейскай Федэрацыі пройдуць выбары ў Дзяржаўную думу. І ўкраінскі бок апелюе да ўсіх нашых міжнародных партнёраў, да ўсіх нашых суседзяў з просьбай устрымацца ад таго, каб пасылаць сваіх назіральнікаў на анексаваныя тэрыторыі», – дапоўніла першы віцэ-спікер Вярхоўнай Рады.

Украіна не прызнае выбары, якія адбываюцца «на адкушанай, выкрадзенай зямлі», падкрэсліла Герашчанка.

Украінскі бок заклікаў Беларусь таксама праігнараваць мясцовыя выбары на Данбасе ў выпадку іх правядзення.

У Расеі 18 верасня пройдзе адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Дзярждумы, кіраўнікоў субʼектаў федэрацыі, а таксама дэпутатаў мясцовых органаў улады. Тэрміны правядзення мясцовых выбараў на Данбасе неаднаразова пераносіліся, умовы іх правядзення пастаянна абмяркоўваюцца ў Менску на пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы па Украіне.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў