Першай страляніне ў расейскай школе «як у Амерыцы» – шэсць гадоў. Стралок ужо вярнуўся дахаты

Эвакуацыя дзяцей з маскоўскай школы №263, дзе вучань забіў настаўніка і аднаго з прыбылых на месца паліцыянтаў. Фота – Арцём Геадакян / TASS / Forum

Першы ў Расеі выпадак школьнай страляніны са смяротнымі ахвярамі паводле «амерыканскага сцэнару» адбыўся шэсць гадоў таму. З таго моманту да сёння колькасць нападаў у расейскіх школах набліжаецца да трох дзясяткаў.

Вучань 10 класа маскоўскай школы №263 Сяргей Гардзееў 3 лютага 2014 года прынёс на заняткі вінтоўку і карабін і забіў настаўніка геаграфіі стрэлам у галаву. Пасля ён навёў зброю на аднакласнікаў і пачаў распавядаць ім, што ў свеце існуе толькі ён адзін, а жыццё – сон. Калі ў школу прыехалі паліцыянты, ён забіў аднаго і яшчэ аднаго параніў.

Школа №263, вучань якой забіў настаўніка геаграфіі і паліцыянта. 3 лютага 2014 года. Фота – Максім Шэметаў / Reuters / Forum

Здацца байцам атраду хуткага рэагавання Гардзеева пераканаў бацька, які ў бронекамізэльцы пайшоў паразмаўляць з сынам.

Праз некалькі гадзінаў пасля здарэння Уладзімір Пуцін, адкрываючы паседжанне прэзідыума прэзідэнцкага савету па культуры і мастацтву, чамусьці звязаў інцыдэнт з дрэнным мастацкім густам моладзі.

«Трэба выхоўваць новае пакаленне гледачоў з добрым мастацкім густам, якія разумеюць і шануюць тэатральнае, драматычнае, музычнае мастацтва. І калі б у нас рабілася гэта належным чынам, то, можа быць, і трагедыі не было б», – заявіў Пуцін.

Каментуючы здарэнне, старшыня камітэту Дзяржаўнай думы па бяспецы і супрацьдзеянні карупцыі Ірына Яравая заявіла пра неабходнасць максімальна абмежаваць распаўсюд зброі ў Расеі ўзмацніць кантроль за яго захаваннем.

Праз два гады Ірына Яравая стане адной з ініцыятарак паправак у шэраг законаў, якія робяць больш жорсткімі пакаранне за тэрарызм і экстрэмізм. Паводле іх, расейскія аператары сувязі павінныя захоўваць на працягу года запісы званкоў і смс-паведамленняў абанентаў, а на працягу трох – інфармацыю пра тое, што размова або абмен смс адбыўся.

Суд прызнаў, што Гардзееў здзейсніў забойства ў стане непрытомнасці і адправіў яго на прымусовае лячэнне ў Смаленскую псіхіятрычную больніцу для падлеткаў.

Расейскім уладам, аднак, не ўдалося перадухіліць падобныя здарэнні ў школах. Толькі цягам першых чатырох гадоў пасля нападу Гардзеева ў расейскіх школах, паводле падлікаў «Бумаги», адбылося 15 інцыдэнтаў з ужываннем агнястрэльнай зброі і сем з ужываннем халоднай.

Забойства ў кабінеце дырэктара

У сакавіку 2016 года 19-гадовы хлопец забіў 15-гадовую школьніцу ў кабінеце дырэктара школы ў Находцы, а потым пакончыў з сабой. Паведамлялася, што маладыя людзі былі парай, але рассталіся незадоўга да інцыдэнту, і 19-гадовы юнак прыйшоў у школу, каб высветліць адносіны з былой дзяўчынай.

Напад на уроку інфарматыкі

У верасні 2017 года дзевяцікласнік школы №1 у падмаскоўнай Іванцееўцы ўдарыў падчас урока настаўніцу інфарматыкі кухонным сякерай, а затым пачаў страляць з пнеўматычнай зброі ў аднакласнікаў і раскідваць выбуховыя пакеты. Пацярпелі чатыры чалавекі.

Разня ў Пермі

У студзені 2018 года вучань 11 класа школы № 127 Пермі і раней адлічаны вучань гэтай школы напалі з нажамі на вучняў малодшых класаў.

Паліцыянт з сабакам на варце каля школы №127 Пермі пасля таго двое падлеткаў у масках напалі з нажамі на школьнікаў малодшых класаў. Фота – Максім Кімерлінг / Reuters / Forum

Рэзаныя раны атрымалі 15 чалавек, у тым ліку настаўніца, якія ўмяшалася ў канфлікт. Тры асобы трапілі ў рэанімацыю ў цяжкім стане. Нападнікаў затрымалі.

Хлопец з сякерай

Праз чатыры дні пасля пермскага нападу 15-гадовы вучань школы №5 ва Улан-Удэ кінуў «кактэйль Молатава» ў клас наўпрост падчас урока, пасля чаго пачаў біць сякерай дзяцей, якія пачалі выбягаць з кабінету. Падлетка затрымалі.

Масавы расстрэл у Керчы

У кастрычніку 2018 года навучэнец чацвёртага курсу Керчанскага політэхнічнага каледжу адкрыў агонь на аднагрупніках, а потым зладзіў у навучальнай установе выбух. Пазней ён скончыў жыццё самагубствам. Агульная колькасць ахвяраў дасягнула 19 чалавек.

 

Забойства і самагубства ў Благавешчанску

У лістападзе 2019 года студэнт Амурскага будаўнічага каледжа Данііл Засорын адкрыў агонь па аднагрупніках. Ён забіў аднаго, параніў траіх, а потым застрэліў сябе.

Выклік для медыяў

Паводле нямецкага псіхолага Мірко Альвіна, у нападнікаў на школы няма агульнага партрэта, але ёсць набор агульных, якія кідаюцца ў вочы сімптомаў.

«Калі нехта кажа: «Я заб’ю гэтага настаўніка» або пагражае «назаўсёды разабрацца» з іншымі вучнямі ў класе, то гэтыя сігналы нельга ігнараваць, а варта пусціць у справу спецыяліста-псіхолага. У Нямеччыне, да прыкладу, 70 % маладых людзей, якія ўчынілі напады на школы, у той ці іншай ступені натхняліся прыкладам вучняў з амерыканскай школы «Колумбайн» ў 1999 годзе, дзяліліся відэа са знаёмымі», – кажа Альвін у размове з «Deutche Welle».

Паводле псіхолага, пасля паведамленняў пра школьныя атакі ў нападнікаў з’яўляюцца паследавальнікі. На думку спецыяліста, сітуацыя з’яўляецца выклікам для медыяў, якія не могуць ігнараваць гэтыя здарэнні. Спецыяліст раіць журналістам звярнуць увагу на тое, як распавядаць пра гэта:

«Не варта ўказваць імёны і публікаваць фатаграфіі, хто нападаў. Не варта рабіць іх больш вядомымі, чым таго заслугоўвае сітуацыя».

Школа №2 у Стоўбцах. Фота: Natalia Fedeosenko / TASS / Forum

Трагедыя ў Стоўбцах

У лютым 2019 года вучань 10 класа школы №2 у Стоўбцах Вадзім Мілашэўскі зарэзаў сваю настаўніцу гісторыі Марыну Пархімовіч і вучня 11 класа Аляксандра Раманава, а таксама параніў дваіх аднакласнікаў, якія спрабавалі забраць у яго нож.

Псіхіятрычная экспертыза прызнала Мілашэўскага свядомым. На закрытым працэсе яго асудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі.

Кандыдат псіхалагічных навук Яўген Маліноўскі, дацэнт Інстытут псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка, распавядае «Белсату», што падчас падрыхтоўкі настаўнікаў і псіхолагаў у беларускіх ВНУ падымаюцца тэмы гвалту і булінгу ў школе, але адмысловых заняткаў па нападах вучняў у школах са зброяй няма.

«На занятках са студэнтамі я закранаў стаўбцоўскае здарэнне, але мне падаецца, што ў краіне гэтая тэма ў нас фактычна не адпрацоўвалася», – кажа Яўген Маліноўскі.

Паводле псіхолага Людмілы Мірзаянавай, з цяперашняй колькасцю спецыялістаў у школах псіхолагам цяжка надаць увагу кожнаму вучню.

«У беларускіх школах, а таксама ў войску на тысячу чалавек прыпадае ў сярэднім па адным псіхолагу. Ну які тут кантроль?» – кажа Мірзаянава.

«У нашых школах ёсць дзве стаўкі – псіхолага і сацыяльнага педагога. Не чуў, каб у школах было два псіхолага», – дадае Маліноўскі.

Першы расейскі стралок ужо ўдома

Два тыдні таму стала вядома, што ў 2017-м Гардзеева перавялі на амбулаторнае лячэнне і ён вярнуўся ў Маскву. Паводле адваката Ігара Трунова, юнак да лекараў не ходзіць, а проста адзначаецца па месцы жыхарства.

Абарона пацярпелых звярнулася ў Генеральную пракуратуру з патрабаваннем праверыць законнасць рашэння лекараў.

ДД belsat.eu

Hавiны