У Беларусі каранціну не будзе. І вось чаму


Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту накіроўваюцца на каранцін. Цяпер на каранціне 240 студэнтаў і выкладчыкаў БДУ. Але заняткі адмяняць пакуль не плануюць.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Беларускае Міністэрства аховы здароўя адказала на «панічныя настроі» і крытыку «дзеянняў, альбо, як многія лічаць, бяздзеянняў» ведамства.

У сваім тэлеграм-канале прадстаўнікі міністэрства заявілі, што закрыццё мяжы няздольнае перадухіліць завоз каронавірусу, бо «з 8 завозных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі ў нашай краіне, 7 было выяўлена менавіта ў беларускіх грамадзянаў, якія вярнуліся на Радзіму з-за мяжы».

«Ці мы гатовыя адмовіцца ад нашай моладзі, якая вучыцца за мяжой і іншых суайчыннікаў і не ўпусціць іх дадому?» – пытаюць у ведамстве.

Аб’ектыў
Каронавірус у суседзяў: Літва рыхтуе каранцін
2020.03.14 21:36

Адносна магчымага закрыцця дзіцячых садоў і пачатковай школы, міністэрства заяўляе, што дзеці хварэюць значна радзей і зусім не паміраюць. А ўдома яны не змогуць быць адны.

«Хутчэй за ўсё яны будуць знаходзіцца пад наглядам бабуль і дзядуляў, з якімі шчодра падзеляцца сваймі вірусамі і мікробамі. А сталыя людзі якраз-такі і з’яўляюцца самай уразлівай групай, якая мае самую высокую рызыку развіцця цяжкіх ускладненняў вірусных інфекцыяў (грып, парагрып, адэнавірусы, адзёр, пнеўманіі) аж да смяротных вынікаў», – сказалі ў ведамстве, звінаваціўшы прыхільнікаў каранціну ў імкненні «павялічыць смяротнасць у старэйшай узроставай групе і павялічыць нагрузку на сістэму аховы здароўя».

Паводле ведамства, у выпадку спынення вочнага навучання ва ўніверсітэтах, сярэдне-спецыяльных установах, старэйшай школе асноўная маса навучэнцаў «будзе актыўна наведваць месцы агульнага карыстання, ладзіць тусоўкі, «тэматычныя вечары» ў інтэрнатах і цесна кантактаваць паміж сабой».

Аб’ектыў
У 5 студэнтаў БДУ папярэдні тэст на каронавірус – станоўчы
2020.03.14 21:33

«Свет заўсёды быў напоўнены фактарамі рызыкі!»

У міністэрстве таксама не вераць, што дадатковыя абмежаванні прымусяць грамадзянаў «перастаць хаваць факты наведвання эпіднеспрыяльных краінаў, праходзіць міма арганізаваных пунктаў санэпідкантролю і перастаць хлусіць медычным працаўнікам пра абставіны свайго захворвання».

«Свет заўсёды быў напоўнены фактарамі рызыкі! І інфекцыі былі, ёсць і будуць, але ж менавіта захаванне прынцыпаў гігіены ў пачатку ХХ стагоддзя прывяло да зніжэння смяротнасці, дык узгадайце пра гэтыя правілы зараз! Перастаньце панікаваць і распаўсюджваць варʼяцкія чуткі. Давайце быць дабрэй адно да аднаго! І, галоўнае, узгадайце, што перадусім сам чалавек нясе адказнасць за сваё здароўе і сваё жыццё і можа ўплываць на здароўе сваіх блізкіх. І, што толькі пры наяўнасці сумесных скаардынаваных дзеянняў насельніцтва і сістэмы аховы здароўя мы можам дамагчыся вялікіх поспехаў», – гаворыцца ў заяве.

Hавiны
Польшча закрывае межы. А таксама крамы, басейны і начныя клубы. Даведнік для беларусаў
2020.03.14 18:00

У ведамстве адзначылі, што з усіх пацыентаў, у якіх быў выяўлены каронавірус, толькі ў аднаго, які позна звярнуўся, стан якога ацэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці з станоўчай дынамікай. Астатнія знаходзяцца ў здавальняючым стане. Некаторыя з іх ужо выпісаныя, частка – рыхтуецца да выпіскі, за астатнімі працягваецца назіранне і стан іх здароўя боязі не выклікае, падкрэслілі ў міністэрстве.

  • Суседнія з Беларуссю краіны ўжо абвесцілі пра каранцін, у тым ліку і для грамадзянаў іншых краінаў. Гэтак, Літва і Украіна закрываюць свае межы для замежнікаў з 16 сакавіка. Польшча зрабіла гэта з 15 сакавіка, а Латвія плануе зрабіць з 17-га. Адзіная адкрытая мяжа ў Беларусі застаецца з Расеяй.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў