У 5 студэнтаў БДУ папярэдні тэст на каронавірус – станоўчы


У 5 студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту папярэдні тэст на каронавірус паказаў станоўчы вынік. Пра гэта сёння паведаміла Міністэрства аховы здароўя. Якія захады робяцца ў краіне, каб спыніць распаўсюд інфекцыі, ды што можа зрабіць кожны з нас?

У 5 студэнтаў БДУ папярэдні тэст на каронавірус – станоўчы. Праводзіцца ўдакладняльная дыягностыка. Пад медычным наглядам у шпіталях – 240 маладзёнаў і выкладчыкаў. Сярод іх – студэнтка другога курсу міжнародных стасункаў, дачка лідара прадпрымальніцкага руху Анатоля Шумчанкі.

«Тое, пра што я перажываў і чаго апасаўся, тое і спраўдзілася», – дзеліцца старшыня аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Чакаць клінічных праяваў хваробы Шумчанкі не сталі. Выклікалі хуткую і настоялі на тым, каб дачку ізалявалі, кажа бацька студэнткі: «Пакуль узялі аналізы. Агульныя аналізы аказаліся больш-менш нармальныя, добрыя. Цяпер узялі аналізы, мазкі на каронавірус. Будзем чакаць».

Прычына шпіталізацыі студэнтаў і выкладчыкаў – магчымы кантакт з сынам мужчыны, які цяпер ляжыць у лякарні з каронавірусам. Ён не прызнаўся, што быў у Італіі, і не выклікаў своечасова доктара.

«На жаль, чалавек адмовіўся здаваць тэст на ўездзе ў Беларусь і ў выніку стаў крыніцай распаўсюду каронавіруса сярод студэнтаў. Сітуацыя ўскладнілася тым, што частка кантактаў першага ўзроўню пражывае ў інтэрнатах. Цяпер там ідзе санітарна-эпідэміялагічная апрацоўка», – тлумачаць у Міністэрстве аховы здароўя.

Каронавірус у Беларусі дыягназаваны ў 27 чалавек. Трох з іх выпісалі, 24 асобы застаюцца ў шпіталі, і яшчэ пяць – чакаюць пацвярджэння станоўчых тэстаў. Паводле Міністэрства аховы здароўя, стан пацыентаў здавальняльны.

«На сёння ў нас асноўны пасыл да жыхароў, якія вяртаюцца з краінаў, праблемных што да каронавіруснай інфекцыі: не хаваць гэтай сітуацыі, а адразу аб’яўляць пра гэта пры мінанні мяжы», – гаворыць намесніца кіраўніка аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Што рабіць у сітуацыі няўмольнага распаўсюду каранавіруса? Карыстацца сродкам для дэзынфекцыі, некалькі разоў на дзень мыць рукі з мылам, не дакранацца да твару і берагчы слізістыя – раіць кандыдат медычных навук Аляксандр Сыкала:

«Трэба паводзіцца, разумеючы (у такім жартаўлівым варыянце): вакол ворагі вірусныя. І вам кантакт з імі непатрэбны. Дыстанцыя – 1,5–2 метры. І ў такой сітуацыі давядзецца жыць да таго часу, пакуль не будзе вакцыны, пакуль не будзе павышаны парог неўспрымальнасці ў грамадства за кошт вакцынаваных і перахварэлых людзей і пакуль гэты армагедон не здымецца».

Пандэмія COVID-19, на думку адмыслоўца, – вынік адкрытасці сённяшняга свету і адсутнасці глабальнай сістэмы папярэджвання і барацьбы з вірусам.

Анастасія Русецкая «Белсат»