Пераслед белсатаўцаў працягваецца. Сёння судзяць трох нашых калегаў


Позвы і пратаколы, якія прыйшлі Ірыне Арахоўскай цягам месяцу

На лаве падсудных апынулася трое нашых калегаў: Ірына Арахоўская, Станіслаў Івашкевіч і Андрэй Толчын.

Ірыну Арахоўскую і Станіслава Івашкевіча будуць судзіць у Менску ў судзе Савецкага раёну. Паседжанні прызначаныя на 12:00.

У судзе Савецкага раёну, але ўжо ў Гомлі а 16:00 пачнецца разгляд справы ў дачыненні да Андрэя Толчына.

Традыцыйна ўсіх вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі медыяў.

Ад пачатку году агулам нашым калегам прысудзілі штрафаў больш чым як на 46 тысячаў рублёў.

Спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці ўжо неаднаразова заклікаў улады адмяніць артыкул 22.9 КаАП, паводле якога судзяць незалежных журналістаў. Харасці звяртае ўвагу, што за 2017 год журналістаў штрафавалі 69 разоў, агулам яны мусілі сплаціць больш за 25 тысячаў еўра, што перавышае суму штрафаў за мінулыя тры гады. У гэтым жа годзе рэпрэсіі ўзмацніліся.

«Журналісты «Белсату» з’яўляюцца пастаянным абʼектам нападак з боку ўладаў. Наўрад ці цягам перыяду справаздачы знойдзецца месяц, калі хто-небудзь з журналістаў «Белсату» не быў бы затрыманы або падвергнуты штрафу і канфіскацыі матэрыялаў», – падкрэсліў ў сваёй справаздачы Міклаш Харасці.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары