Аляксандр Фядута Перадпродажнае рыхтаванне краіны: дамаўчаліся…

паліткансультант

Расейская мяжа. Фота: Forum, TASS

Не будзем каментаваць зместу дакументу, парафіраванага прэм’ер-міністрамі Дзмітрыем Мядзведзевым і Сяргеем Румасам. Гэта цяпер зробяць усе, хто ўмее чытаць газету «КоммерсантЪ». Баюся, што сама прычына зʼяўлення гэтай публікацыі ані крыху не менш цікавая, чым яе змест.

Успомнім перадгісторыю

Радасна усміхаючыся стомленай усмешкай галівудскага актора другога плана, Сяргей Румас заяўляе: пасля парафіравання гатовай «Праграмы дзеянняў» мы – яны, стала быць, – апублікуем яе, каб ніхто не сумняваўся, што беларускаму суверэнітэту нішто не пагражае. Прычым пазней гэта абяцанне намёкамі і паўнамёкамі пацвярджалі ўсе беларускія афіцыйныя асобы, каму не лянота, што таксама было не дзіўна: абяцанне Румаса ў дакладнасці супадала з указаннямі, якія ў падобных выпадках дае чыноўнікам прэзідэнт краіны.

Інфармацыя пра парафіраванне ў медыях з’явілася. Парафіраваны дакумент не зʼявіўся.

Чаму? Варта спытаць самога Сяргея Мікалаевіча. Мы можам толькі меркаваць.

«Гаворка пра паглынанне беларускай эканомікі». Вядомыя планы інтэграцыі з Расеяй

Мяркуючы па ўсім, перад беларускім прэм’ерам паставілі агульную задачу, што зводзіцца да вядомай фармулёўкі з «Сучаснай ідыліі» Салтыкова-Шчадрына: «Яны сядзелі дзень, ноч, і зноў дзень, і думалі толькі аб адным: як бы зрабіць сваю стратную гаспадарку прыбытковай, нічога ў ей не мяняючы». У дадзеным выпадку пад стратнай гаспадаркай маецца на ўвазе тая, што нагадвае чамадан без ручкі «Саюзная дзяржава», але сам прынцып нежадання мяняць у ёй што-небудзь па сутнасці застаецца справядлівым. Ва ўсякім разе, для беларускага боку.

Выніковы ж дакумент, парафіраваны прэмʼерамі, прадставілі на папярэдні разгляд кіраўнікоў дзяржаваў – інакш у чым сэнс наагул двухступенчатага падпісання? І вось тут-та відавочна, на наш погляд, узнікла затрымка.

Фота прэс-службы ўраду Расеі

Зліў з Крамля

Аляксандр Лукашэнка не першы дзень жыве ў палітычным свеце. Ён добра разумее – за столькі-та гадоў можна было і вывучыцца! – чым багатая любая фармулёўка, закладзеная ў дакумент. Паперкі, прапанаваныя яму для падпісання, чытае ўважліва. Мяркуючы па ўсім, і праект «Праграмы дзеянняў» прачытаў уважліва. І вось тут-та ступар і здарыўся.

Румас з міністрам эканомікі Беларусі Крутым выканалі задачу літаральна – у першай частцы фармулёўкі Салтыкова-Шчадрына: зрабіць стратную гаспадарку прыбытковай. Гэта значыць, каб яна запрацавала. І заклалі ў гэтую праграму ўсё, што здавалася ім патрэбным: адзінае падатковае заканадаўства, адзіную сістэму фінансавага і мытнага кантролю, роўны доступ да сістэм дзяржаўных закупак. Але на паверку высветлілася, што гэта супярэчыць другой частцы Салтыкоўскай фармулёўкі: мяняць нічога не трэба!

А тут моцна усё мяняецца – калі запусціць дакумент у дзеянне. Там жа і даты стаяць. 2021 год. 2022 год. І, па меры рэалізацыі праграмы, кожны год беларускі эканамічны суверэнітэт растае, растае, растае…

Гэта значыць, лепш за ўсё яго – не публікаваць.

Але ж Румас абяцаў!

Але – можа, яно неяк само рассмокчацца? У цішыні чынавенскіх кабінетаў дамовімся як-небудзь?

А ні ражна!

І адчакаўшы два тыдні, расейскі бок арганізуе зліў утрымання парафіраванага дакументу ды ставіць беларускіх партнёраў у вядомую па налепцы на аўтамабіль позу «Можам паўтарыць!» Вы не хочаце публікаваць падрыхтаваную паперу? Можа, вы наагул лічыце, што яе – няма? А вось яна – ёсць. Атрымайце і выкажыце сваё стаўленне. Публічна.

Ведаючы псіхалогію Аляксандра Лукашэнкі – а ў мяне няма сумневу ў тым, што Уладзімір Пуцін яе ведае, – можна меркаваць, што Крэмль свядома правакуе яго на рэзкія дзеянні і выказванні. Таму што больш за ўсё Лукашэнка не любіць публічнага агучвання кулуарных дамоўленасцяў.

Як не любіць іх і Пуцін. Гісторыя звызваленнем украінскіх маракоў, якое спачатку сарвалося, і з іх вяртаннем на радзіму, што адбылося пасля паўзы, – таму сведчанне. Не спяшаецеся, спадары, – не вы прымаеце рашэнне. Калі прымем, вы пра ўсё даведаецеся.

Раманчук: Пры такой інтэграцыі Беларусь не будзе адрознівацца ад Татарстану

Вось цяпер, падобна, Крэмль прыняў рашэнне. Праграма, парафіраваная прэм’ерамі, – гэта і ёсць рашэнне Крамля.

А якое будзе рашэнне «Драздоў»? Тое, што надрукаваў «КоммерсантЪ», нагадвае перадпродажную падрыхтоўку краіны. Толькі вось пакупнік спакойна і цынічна, не чакаючы заканчэння перамоваў, прымушае прадаўцу нервавацца. Тэзісы дакументу агучылі, каб сам факт стаў відавочным і сысці ад адказу на пытанне аб кошце новай прэзідэнцкай кадэнцыі было немагчыма.

Александр Федута /MB belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары