Раманчук: Пры такой інтэграцыі Беларусь не будзе адрознівацца ад Татарстану


Яраслаў Раманчук, прэзідэнт Цэнтру Мізэса

Калі інфармацыя пра інтэграцыю Беларусі і Расеі, якую падаюць расейскія СМІ, праўдзівая, то статус нашай краіны фактычна нічым не будзе адрознівацца ад суб’ектаў Расейскай Федэрацыі. Пра гэта ў каментары belsat.eu заявіў беларускі эканаміст, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

«Калі будзе так, як напісана ў гэтым дакуменце – і прамысловая палітыка адзіная, і сацыяльная, і антыманапольная, і мытная, і падатковая – то гэта, безумоўна, паглынанне», – заявіў эканаміст.

У сітуацыі, калі нават самі расейцы заяўляюць, што ў Расеі не працуе вяршэнства права, няма незалежных судоў, а ёсць алігархізацыя і сілавы рэсурс, які ўзяў кантроль над эканомікай, гэта азначае проста здачу эканомікі пад уладу гэтых кланаў, адзначыў Раманчук.

Hавiны
«Гаворка пра паглынанне беларускай эканомікі». Вядомыя планы інтэграцыі з Расеяй
2019.09.16 08:57

Эксперт нагадаў, што ў Еўразвязе да пашырэння інтэграцыі ішлі 40 гадоў. І нават зараз, калі ёсць адзіная валюта, у ЕЗ няма адзінай падатковай палітыкі.

«Калі яны кажуць, што будзе адзіная мытная палітыка, аб’яднанне падатковых сістэмаў, дык чым адрозніваецца тады Рэспубліка Беларусь ад Татарстану, Башкартастану або іншых суб’ектаў Федэрацыі? Я не бачу тут ніякай розніцы», – падкрэсліў суразмоўца.

Беларусь ператворыцца ў «Белоруссию»

На яго думку, калі ў саюзе Беларусі і Расеі ўжо будуць перамешаныя элементы федэрацыі і канфедэрацыі, то вельмі проста будзе ўвесці і іншае аб’яднанне.

«І казаць пра тое, што застанецца Беларусь як нейкая незалежная палітычная адзінка на мапе свету, я б не казаў», – заявіў Яраслаў Раманчук.

Аб’ектыў
Беларусам не раскрываюць праграму інтэграцыі з Расеяй. Яе падпішуць у снежні
2019.09.05 21:42

Суразмоўца мяркуе, што калі інфармацыя расейскіх медыяў праўдзівая, то гэта адназначна з’яўляецца нацыянальнай здрадай. Бо ні ўрад, ні Адміністрацыя кіраўніка дзяржавы, ні МЗС не кансультаваліся, не запрашалі грамадскую і навуковую супольнасць, бізнес да абмеркавання такога дакументу.

«Калі ён будзе такім чынам падпісаны, тады Беларусь ператворыцца ў «Белоруссию», – лічыць эканаміст.

Нагадаем, што расейскае выданне «Коммерсантъ» прадставіла падрабязнасці праекту паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расеі, які 6 верасня ўзгаднілі прэм’ер-міністры дзвюх краін.

У дакуменце гаворыцца аб частковай эканамічнай інтэграцыі на ўзроўні не меншым за Еўразвяз, а ў некаторых пытаннях – аналагічным канфедэрацыям ці нават федэрацыям. Фактычна гаворка ідзе пра паглынанне эканомікай Расеі эканомікі Беларусі на ўзроўні кіравання, адзначае выданне.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў