Павел Фельгенгаўэр: Расея і Кітай не хаўруснікі, але…


Кітайцы лічаць, што яны ніколі не будуць хаўруснікамі Расеі, бо Кітай самастойны, заявіў Павел Фельгенгаўэр, вайсковы аглядальнік расейскай «Новай газеты» і аналітык амерыканскага Джэймзтаўнскага фонду.

Эксперт каментуе штогадовую справаздачу выведак ЗША з ацэнкаю сусветных пагрозаў.

Аўтары справаздачы мяркуюць, што найбольшую пагрозу сёлета і ў бліжэйшай будучыні ствараюць Расея і Кітай. Таксама змяніўся парадак у спісе галоўных пагрозаў. Раней галоўнай небяспекаю была магчымасць трапляння зброі масавага знішчэння ў рукі тэрарыстаў. Цяпер гэта кібераперацыі, з дапамогаю якіх Расея і Кітай могуць нанесці значную шкоду. Як вы ацэньваеце такую тэндэнцыю?

Гэта ўсяму адпавядае, бо ў Расеі даўно ўжо такі падыход. І цяпер афіцыйна, на ўзроўні дырэктыўных дакументаў, змяніўся падыход на Захадзе, у тым ліку і ў саюзе NATO, і ў Амерыцы. Тое, што яны называюць peer and peer – канфлікт з роўным, не канфлікты малой інтэнсіўнасці з усялякімі абармотамі на «Таётах» з цяжкімі кулямётамі – у Афганістане, у Іраку, недзе яшчэ. Менавіта з роўным сілаю праціўнікам – што патрабуе зусім іншага падыходу ўва ўсіх сэнсах.

Раней самым страшным, акрамя тэрарыстаў, лічыліся «rogue states» – «дрэнныя краіны» – Іран, Паўночная Карэя ды іншыя, а цяпер вядзецца пра сур’ёзныя дзяржавы, з якімі Амерыка ў стане ядравага стрымлівання, але тым не менш, магчымыя і канфлікты.

Хай і проксі-канфлікты, або з дапамогай вайны праз пасярэднікаў, як гэта адбывалася ў час халоднай вайны, якая была толькі на цэнтральным фронце ў Еўропе, але ва ўсім свеце ўвесь час палыхалі войны – у Індакітаі, у Афганістане, на вялікім Блізкім Усходзе – у Анголе, Мазамбіку, Нікарагуа, увогуле, паўсюль.

І прыкладна такая ж сітуацыя складваецца цяпер, калі мяняецца «security environment», як яны кажуць, а разам з ім мяняюцца і дырэктыўныя дакументы ацэнкі пагрозаў, калі Расея не разглядалася як праціўнік, а Кітай недзе ў 1980-я гады быў наагул практычна хаўруснікам, але пазней яго бачылі як партнёра.

Але цяпер усё больш спачатку Кітай, а цяпер і Расея перайшлі ў разрад імаверных супернікаў. Натуральна, у Расеі ўжо даўно Амерыку называюць імаверным праціўнікам.

Паводле гэтай справаздачы, выведкі Кітаю і Расеі становяцца ўсё больш згуртаванымі, іх дачыненні, магчыма, умацуюцца сёлета. Ці так гэта насамрэч?

Гэта не зусім так, кітайскія выведкі наагул не сябруюць, або сябруюць вельмі апасродкавана. Ніхто не абменьваецца неадназначнай інфармацыяй, бо гэта можа выявіць твае крыніцы, паставіць іх пад удар. Гэтага ніхто не робіць. Цяпер Трампа абвінавачваюць у тым, што ён Лаўрову і Кісляку распавёў рэчы, якія, відаць, выявілі ізраільскага агента, што быў у іх у супрацьлеглым лагеры. Гэтага ніхто імкнецца не рабіць.

Чакаць, што расейская і кітайская выведкі будуць разам сур’ёзна працаваць – не выпадае, бо яны шмат у чым працуюць адна супраць адной. У Расеі дагэтуль людзей арыштоўваюць і саджаюць за шпіянаж на карысць Кітаю.

Таму гэта нейкае перабольшванне, але, напэўна, для амерыканскіх мэтаў перабольшанне прыдатнае, але гэтага пакуль няма, і, хутчэй за ўсё, не будзе.

Выведкі наагул не сябруюць, часта ўнутры адной краіны – адна выведка не сябруе з другой, не распавядае ёй ніколі ўсёй праўды. Бо калі ты распавядаеш нешта сапраўды важнае, ты выяўляеш крыніцы гэтай інфармацыі, паведамляеш яе і ставіш пад удар сваю крыніцу. Гэтага не робіць ніхто, нават часта ў адной краіне, дзе ёсць розныя разведслужбы, яны адна адной не давяраюць, а тым больш расейскія і кітайскія не будуць давяраць адна адной ніколі. Расея і Кітай не хаўруснікі, яны пра гэта і кажуць заўсёды, – але яны становяцца ўсё бліжэйшыя.

Кітайцы лічаць, што яны ніколі не будуць хаўруснікамі, бо Кітай сам па сабе, у яго хаўруснікаў няма, у Расеі хаўруснікі – Беларусь з Арменіяй ды Таджыкістан.

Ці можна гэтую справаздачу разглядаць як папярэджанне Расеі? Ці здатныя ЗША супрацьстаяць Расеі ды Кітаю?

Гэта справаздача выведкі, ацэнка выведкаю існых пагрозаў. Звычайная рэч, гэта данеслі ў Кангрэс, на падставе чаго ён мае вылучаць грошы на спыненне існых пагрозаў. Гэта ў выведцы не сакрэтная частка, а ацэнка пагрозаў, пра якую найчасцей гавораць, нават і ў Расеі. Нават калі фармальна не рассакрэчваюць, то нефармальна ў значнай ступені пагрозы рассакрэчваюць, бо гэта важна сярод іншага і з бюджэтнага гледзішча.

Больш па тэме глядзіце ў сюжэце праграмы «Прасвет»:

Хто страшнейшы за тэрарыстаў?

Фота: Mikhail Metzel / TASS / FORUM

Глядзі таксама
Каментары